Уладзь Лянкевіч як ляндшафтны дызайнэр беларускай прасторы (відэа)
6422 / 1
14.02.2014

Уладзь Лянкевіч як ляндшафтны дызайнэр беларускай прасторы (відэа)

Гэта той самы выпадак, калі мае сэнс як музыка, так і слова, якія ў выпадку гурта Tonqixod разам ствараюць унікальнае зьмесьціва — беларускі ляндшафтны рок.

Уладзь Лянкевіч — выдатны знаўца сваёй мовы. Таму здольны перакласьці чужы верш настолькі добра, што аўтар арыгіналу можа пакрыўдзіцца, бо пераклад мае ўсе шанцы быць глыбейшым за арыгінал. Дзякуй богу, да гэтага не дайшло, бо ён бярэ на пераасэнсаваньне тых, хто ня можа пакрыўдзіцца па змоўчаньні альбо з прычыны даўняй адсутнасці тут. Ва Ўладзевым даробку цудоўныя пераклады Апалінэра, Рэмбо, Санда, а таксама Міколы Хвылявога, Грэгары Корса, Сулеймана Дыяманкі (зь верша якога і пачынаецца кніга «70% вады»). Да ўсяго, Лянкевіч пераклаў пару песень для праекту «Перазагрузка» — менавіта на яго беларускі тэкст сьпяваюць Марыя Тарасевіч і «Смысловые галлюцинации».

Але ясна, што Ўладзь больш чым перакладчык. Нехта неўпрыкмет павесіў на яго цэтлічак: «адзін з самых пэрспэктыўных аўтараў свайго пакаленьня». І гэта праўда — пэрспэктыўнасьць тую можна адчуць хутка і адразу. Паглядзець верш «Паўзе падмарожаная Сьвіслач», а потым адкрыць зборнічак «70% вады» на любой старонцы («крадзены» там толькі адзін верш Дыяманкі, астатняе — сваё). І прачытаць пра прывід ровара. Ці калыханку пра рыбіну. Ці пра тое, як «учора Караткевіч плакаў пад сьнегам». Альбо «горды і непакорны, шчыры» верш «Пятнаццаты сьнег», які ўводзіць у паралельны сусьвет во такім пачаткам: «За шатамі лятункаў ветлы дым//Наўсьцяж маўкліва вабіць пошчак вецьцем». А лепей усё гэта разам прачытаць.

Але Лянкевіч — больш чым паэт. Тое, што ён робіць разам з гуртом Tonqixod чароўнасьць надзвычайная, якую гісторыя беларускай музыкі можа і ведае, але ў зусім малых аб’ёмах (згадваецца найперш шыкоўная рок-опэра «Гусьляр» ад «Песьняроў» ды паасобныя трэкі гурта «Блізьняты»). Уладзя (гітара, вакал), Макс Субач (клявішы, вакал), Андрэй Аляксеенка (бубны) маюць бездакорны музычны густ, сфармаваны пад уражаньнем ад узораў арт-року і псыхадэлікі 60—70-х, што дазваляе ім рабіць часам проста фантастычныя рэчы, у якіх можа суіснаваць спроба вынайсьці цікавую нацыянальную ідэю разам з успамінамі пра дзіцячыя ўспаміны Джыма Морысана. Гэта той самы выпадак, калі мае сэнс як музыка, так і слова, якія ў выпадку гурта Tonqixod разам ствараюць унікальнае зьмесьціва — беларускі ляндшафтны рок: «У нейкі момант пачынаеш разумець усялякіх ацтэкаў, эгіпцян і г. д.//Вось што нам трэба: трэба насыпаць горы, каб нашы дзеці нарэшце пачалі нараджацца з арлінымі насамі, а не з кірпатымі й пляскатымі…» — гэта з Уладзевага верша «Flynnon Garw», які стаў першаю запісанаю песьняю гурта Tonqixod «Насыпаць горы», цяперашняй візытоўкі гурта.

Музыка гурта Tonqixod — няпростая для ўспрыманьня. Падчас канцэрту-прэзэнтацыі зборніка Ўладзі, з кожнай новай песьняй гледачоў становіцца ўсё меней. Пастаянная зьмена рытму, шматлікія інструмэнтальныя адступы, імправізацыя па ходу справы — такая музыка вымагае распусканьня ў ёй цалкам, а на гэта здольны ня кожны.

Уладзь Лянкевіч аблашчаны ўвагаю, як перакладчык, мае статус «самага пэрспэктыўнага» ў паэзіі, а з гуртом толькі што атрымаў «Дэбют году» на прэміі «Даём рады». Але пры гэтым, сьціпласьць у яго паталагічная, што выяўляецца, як у драбніцах (саму кнігу на прэзэнтацыі трэба было вельмі захацець знайсьці), так і ў агульных рэчах — у той жа назьве кнігі. Ну якія тамака 70% «вады», калі яна ажно перанасычана трапнымі думкамі і паэтычнымі вынаходкамі.

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm, для Budzma.by, фота Зарына Кандрацьева

КАМЕНТАРЫ:

  • Viktar Rudenka
    Viktar Rudenka / адказаць
    14.02.2014 / 15:33

    "Насыпаць горы" - добры авангард. Вельмі па-сапраўднаму слухаецца. Чуў раней і зараз пераслухаў - аскоміны не набіла. Я ўжо звыкся да таго, што ўвесь рок - адны толькі copy/paste, адны толькі беларускія копіі Franz Ferdinand, Led Zeppilin і Muse, а тут штось іншае, штось чапляе

  • КАМЕНТАВАЦЬ