Рэвалюцыя ў вагні: украінскія музыкі пра падзеі ў Кіеве (відэа)
3752 / 0
19.02.2014

Рэвалюцыя ў вагні: украінскія музыкі пра падзеі ў Кіеве (відэа)

Падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне, ня могуць пакінуць нікога абыякавым. У тым ліку творчых асобаў. Tuzin.fm сабраў меркаваньні розных украінскіх музыкаў, якія адрэагавалі на тое, што адбываецца ў іхняй краіне.

Пераможца конкурсу «Эўравізія-2004» Руслана яшчэ ў сьнежні 2013 году публічна паабяцала спаліць сябе ў тым выпадку, калі ў краіне ня будзе зьменаў. Сьпявачка заявіла, што галоўная мэта для яе — адстаўка існуючай улады. У Майдане яна ўзяла самы актыўны ўдзел, разам з мужам развозіла параненых дэманстрантаў па больніцах. На афіцыяльнай старонцы на сайце Facebook сьпявачка напісала: «Людзі! Я вас вельмі прашу! Прыходзьце на Майдан! Тут няма палітыкі! Для таго, каб украінская думка выглядала моцнай, трэба каб людзей на Майдане было яшчэ больш. Адкладзіце свае справы, прыйдзіце і дапамажыце нам выстаяць!»

Сьпяваць на марозе для артыста справа рызыкоўная, бо ў можна страціць голас ня толькі на пэўны час, але і на ўсё жыцьцё. Аднак гэта не спыніла Руслану, якая сьпявала на Майдане гімн Украіны. Сеціва абыйшоў запіс, на якім Руслана грае на фартэпіяна проста на барыкадах на вуліцы Грушэўскага.

Лідэр гурта «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук браў удзел у падзеях на Майдане зь першых дзён. Свой выбар ён патлумачыў так: «Я пастанавіў выйсьці на Майдан у першыя ж дні. І мяне ўразіла шчырасьць у вачах студэнтаў, якія прыйшлі на плошчу. Разгон, які меў месца, — гэта ўжо не палітыка, а нейкі сярэднявечны жах. У такой сытуацыі мы ня можам маўчаць. Я хачу, каб мы жылі ў краіне, дзе такое немагчыма і дзе такое больш ніколі не паўтарыцца», — заявіў музыка. «Океан Ельзи» сабраўся ў клясычным складзе, каб сыграць канцэрт у падтрымку Майдану. Свой выступ музыкі прысьвяцілі пацярпелым у выніку разгону дэманстрантам.

Культавы гурт «Скрябін» на чале з Андрэем Кузьменкам, які некалі паўдзельнічаў і ў беларускім праекце «Крамбамбуля», адгукнуўся на падзеі ў Кіеве песьняй «Революція у вогні». Яна напісаная пра падзеі, якія адбыліся на вуліцы Грушэўскага. На сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook музыканты напісалі: «Мы не заклікаем нікога з вас лезьці пад кулі. Мы заклікаем вас не заставацца абыякавымі да тых падзеяў, якія адбываюцца». Кузьменка таксама запісаў відэазварот да «людзей Эўрамайдану»: «Людзі Майдану, цяпер улада Ўкраіны — гэта вы! Адзіная ўлада, адзіная людзі, якім можна верыць. Я ганаруся, што з такімі людзьмі жыву ў адной краіне, ганаруся, што я вас ведаю. Ніколі ня думаў, што ўкраінскі народ здольны на такі подзьвіг. І цяпер ўсьведамляеш, калі кажаш „Слава героям“, што гэта пра вас. Слава героям Майдану!»

Лідэр гурта «Тартак» Сашко Палажынскі ў першыя тыдні масавых пратэстаў увайшоў у Раду Майдану, але пасьля Новага году выказаў думку, што акцыю неабходна згарнуць. Праўда з адной папраўкаю: «Шчыра кажучы, я лічу, што акцыі на Майдане неабходна зьвярнуць. Аднак, выключна пры ўмове, што мы будзем дакладна ведаць, што мы будзем рабіць далей. Таму што, калі мы ня маем выразнага і канкрэтнага адказу на гэтае пытаньне — лепш стаяць».

Шэраг вядомых украінскіх артыстаў выказаліся з нагоды падзеяў у краіне ў адмысловым апытаньні, што праводзіў сайт Open.ua.

«Ад людзей самых розных узростаў, слаёў, культураў і месцаў жыхарства гучыць прыблізна адна і тая ж думка: мы хочам жыць па-іншаму. Гэта сьведчыць пра тое, што грамадзтва гатовае да цывілізаванай формы суіснаваньня ў такім досыць складаным і супярэчлівым арганізме як Украіна. Прынамсі, большая частка грамадзтва», — сказаў Юры Хустачка, колішні ўдзельнік «Окена Ельзи». Вакалістка гурта «Крихітка» Саша Кальцова зазначыла, што верыць у шчырасьць людзей, якіх прывёў на Майдан гнеў і расчараваньне: «Удзельнікі пратэстаў — вельмі розныя, але гэта людзі, для якіх годнасьць і нацыянальныя інтарэсы — асэнсаваныя словы, а любоў да Радзімы — канкрэтнае дзеяньне».

Цікавае меркаваньне і поп-артыстаў. Верка Сярдзючка (Андрэй Данілка) абурылася тым, якім чынам разганяюцца мітынгі: «Я б пазабівала тых, хто ладзіць беспарадкі! На мірную дэманстрацыю на Майдан выйшлі студэнты… І тут гэтыя дзядзькі, з гэтымі палкамі! Я б у морду ўчапілася!» Ані Лорак публічна не падтрымала ні адзін з бакоў, але пажадала ўсім «трываласьці, мудрасьці і дабра». Лаліта Міляўская пашкадавала ўкраінскіх дэманстрантаў: «Вельмі шкада людзей, якія па наіўнасьці сваёй думаюць, што нешта можа зьмяніцца. Нічога, акрамя прыніжэньня, не дадасца з Эўразьвязам! Украіну раскралі да гэтага… Я — за мытны саюз Украіны з Расеяй, таму што гэта — адзінае, што дасьць магчымасьць людзям знайсьці працу і неяк карміць свае сем’і».

Падзеі на Майдане заахвоцілі музыкаў да напісаньня супольнай песьні, які фактычна стаў гімнам украінскай Зімы. Яе запісаў гурт Kozak System нa cлoвы Aлякcaндpa Палажынcкага з сымбалічнай назвай «Брат за брата». Свой унёсак у твор зрабілі Сьвятаслаў Вакарчук, Руслана Лыжычка, Ірэна Карпа, Антон Мухарскі, Анжаліка Рудніцкая, Марыя Бурмака, Тарас Чубай, Аляксандар Доній, Сяргей Фаменка, Олег Сабчук, Алена Гразоўская, Эдуард Прыступа, Юры Журавель, Сеня Прысяжны, Дзьмітры Лазуткін, Аляксандар Піпа, Вадзім Краснавокі, Жэня Ніўук і Сяргей Панцюк.

Tuzin.fm. выказвае спачуваньні ўсім родным і сем’ям загінулых падчас падзеяў у Кіеве. Трымайцеся браты-ўкраінцы!

Юлія Яшэўская, Сяргей Будкін, Tuzin.fm