Гран-пры «Бардаўскай восені» ўзяў дуэт «Чачэрская лютня» (аўдыё/відэа)
Паліна Вострыкава і Аляксей Кулеш з Чачэрску сталі пераможцамі 24-га фэстывалю беларускамоўнай аўтарскай песьні «Бардаўская восень», які прайшоў на гэтых выходных на Беласточчыне.
24-ы па ліку фэстываль адкрыўся ў пятніцу ў Бельску-Падляскім. За два дні ў мясцовым доме культуры выступілі зоркі фэсту — запрошаныя госьці ды пераможцы мінулага фэсту. Сярод іх Naviband, Алесь Камоцкі, Зьміцер Вайцюшкевіч, BosaeSonca, сумесныя праекты Сяргей Доўгушава і Алеся Ясінскага ды Андруся Такінданга з Алесем Ясінскім, Яўген Барышнікаў, гурт Ilo&friends, а таксама канкурсанты. Акром сямі пераможцаў адбору ў Менску ў ім узялі ўдзел яшчэ пяцёра выканаўцаў — па ўмовах фэсту жыхары Падляшша і замежнікі трапляюць у конкурс без адбору.
Такім чынам, у конкурсе «Бардаўская восень — 2017» узялі ўдзел Ірміна Ластоўская (Талін), Ганна Бяляўская (Бельск-Падляскі), Кацярына Хмур (Гайнаўка), гурт «Колір» (Адэса), гурт «Дзе я», гурт Heli°us, Зьміцер Дзядзенка, дуэт «Чачэрская лютня», Яўген Цярэнцьеў, Рыгор Лайкоў, Кацярына Пціцына з гурту «Дачка падпальшчыка» (яна замяніла пераможцаў адбору гурт «Вочы»), з рэзэрвовых выканаўцаў на конкурс вырашана было таксама запрасіць Pauline.
Узнагароды 24-га фэстывалю атрымалі:
Прыз Беларускага Радыё Рацыя — гурт «Колір».
Узнагарода «Бельскай кааліцыі» падзялілі ўдзельніцы «Бардаўскай восені» з Падляшша Кацярына Хмур і Ганна Бяляўская.
Прыз глядацкіх сымпатыяў — Кацярына Хмур
Адмысловая адзнака журы — гурт Helios
Гран-пры фэстывалю атрымаў дуэт «Чачэрская лютня».
«Чачэрская лютня» сапраўды з Чачэрску, што на Гомельшчыне. На самой справе гэта фольк-рок гурт, які быў распаўся, але потым сабраўся ізноў ужо з новаю вакалісткаю Палінай Вострыкавай. Адмыслова да «Бардаўскай восені» сьпявачка разам з гітарыстам Аляксеем Кулешам падрыхтавалі адмысловы акустычны сэт зь песень на словы Вольгі Акуліч, якая сама перамагала на «Бардаўскай восені» ў 1997 годзе. «Яны прасьпявалі чыста і былі найбольш набліжаныя да фармату фэстывалю, таму па выніку і перамаглі», — пракамэнтаваў TuzinFM выбар адзін зь сябраў журы фэсту Міхал Анемпадыстаў.
«Бардаўская восень» працягнулася і ў нядзелю, ужо ў беластоцкім клюбе Fama сумесным канцэртам пераможцаў і гасьцей — Андруся Такінданга з Алесем Ясінскім ды Naviband. Акром таго, у межах фэсту прайшлі суправаджальныя канцэрты зорак фэсту ў іншых гарадах Падляшша: Алесь Камоцкі выступіў у Орлі і ў Шчытах-Дзенцялова, Яўген Барышнікаў у Нарве, Сяргей Доўгушаў у Нараўцы, Naviband у Гайнаўцы.
TuzinFM, фота Радыё Рацыя, загалоўнае фота Алісы Ахрамовіч
КАМЕНТАВАЦЬ