Экспэрт Tuzin.fm Ангела Эсьпіноса: «Нам не стае добрае музыкі, таму што яна ўся ў вас!»
Журналістка і пісьменьніца з Гішпаніі слухала творы ўдзельнікаў трох чартаў цягам лютага і падзялілася сваімі ўражаньнямі.
Чарт песень: бездакорна, шыкоўна і выдатна!
Трэк «Насыпаць горы» гурту TonqiXod — проста бездакорны. Ідэальны. Тэкст — насамрэч верш вельмі высокае якасьці: паэтычны, лірычны і поўны сэнсу. Пра музыку скажу толькі, што я вельмі доўга ня чула такой правакацыйнае гармоніі; мадуляцыі ды выкарыстаньне павялічанае квінты — падарунак для музычнага вуха. Буду сачыць за гэтам гуртам!
Песьня Nizkiz «Гуантанама» вельмі мне спадабалася. 3 хвіліны і 26 сэкундаў узьнёслага музычнага захапленьня. У нас рэдка знаходзіцца трэк такой чысьціні. Вельмі радуе. Малайчыны!
«Наскрозь» гурту Akute — вельмі збалянсаваная песьня: добры тэкст, неверагодная энэргія, фантастычны выбар музычных інструмэнтаў!
Таксама спадабаўся трэк «Пажар-піяр» гурту «Нафта». Іхныя гармоніі нагадваюць найлепшае з пачатку славянскага року. І якая энэргія!
У тым жа ключы зьяўляецца песьня «Вецер» гурту «Пані Хіда». Нам не стае добрае музыкі, таму што яна ўся ў вас. Нясправядліва! Але ж сур’ёзна, вельмі файны трэк.
Ня буду хаваць факт, што я доўгая прыхільніца Паліны Рэспублікі і, вядома, яе новая песьня «Лета» мне вельмі спадабалася. Простая, але глыбока распрацаваная музыка дапамагае вылучыць лірычнасьць тэксту і хутка засвойваць гармонію. Цудоўны трэк цудоўнае сьпявачкі.
«Нападпітку» ад «Тлушча» — ваў! Рытм гэтай песьні аўтаматычна цячэ ў жылах! Добрая музыка, добры тэкст. Увага: гэты трэк выклікае прывыканьне!
На працягу гэтага месяца я заўважыла, што якасьць майго жыцьця паляпшаецца ад праслухоўваньня Tuzin.fm, і менавіта дзякуючы такім песьням, як «Сьпёка» гурту Pomidor/off. Шыкоўны трэк! Дасканалы!
Фальклёрныя уплывы і народныя ўспаміны гурту «Палац» робяць яго ўнікальным ды незаменным. Люблю іх, люблю песьню «Шэрая поўсьць»! Які музычны талент!
Аааааааааааа! Вайцюшкевіч! Адзін зь першых беларускамоўных сьпевакоў, зь якім я пазнаёмілася. І адзін з маіх любімых. Я абагаўляю яго! А «Дачакайся, матуля» — проста супэртрэк! Ідэальны саюз старога і новага. Vinsent і Саша Захарык — таксама дасканалыя. І яшчэ два словы: беларускамоўны рэп!
«Навагодняя» — мілая, чароўная песьня «Мерады». Цудоўны голас, шыкоўная музыка ды куча станоўчых эмоцыяў, вельмі патрэбных нам у такі час. А саксафанісіт — вялікі малайчына.
Віншую Зьмітра Вінаградава з фантастычным сольным праектам! Песьня «Не чакалі» проста цудоўная. У Вінаградава прыгожы, асабісты голас і вялікі музычны талент. Варта зірнуць на ўвесь альбом!
Адкрыць пяшчотны, чысты голас сьпявачкі праекту Waria было для мяне вельмі прыемным сюрпрызам. Мне спадабалася песьня «Вясна». Добрая музыка ды дасканалы верш!
Я была кранутая выдатнай, рамантычнай песьняй «Amore» літоўскага гурта Biplan. Хаця я не магу ацаніць лірычную якасьць арыгінальнага тэксту па-літоўску, пераклад Дар’і Ісачэнкі мне вельмі падабаецца. Фантастычны трэк!
Юры Несьцярэнка таксама прэзэнтуе выдатную песьню «Мора зімы» з новага сольнага альбому «Аэрапланы ў вырай». Вельмі энергічная песьня, выдатная музыка, шыкоўны голас. Наогул поўны посьпех!
Відэачарт: галасую за Akute!
Мне асабліва спадабаўся кліп «Бегчы» Akute. Думаю, кожны зьвязвае пэўныя песьні з дарогай, з падарожжамі, са зьменай. Гэта дакладна адна з тых песень. Навадныя, таямнічыя вобразы вельмі добра падыходзяць да песьні. Таксама дзівіць фольк-жахалка ад гурту «Ляпіс Трубяцкі» «Месяц». Наогул, цяжка спрачацца з галасаваньнем публікі «Тузіна»: сьмелая эстэтыка «Ні кроку назад» Vinsent; прыгожае, кранальнае, арыгінальнае мастацтва «BY YOU» гурту Naka; шматзначны туман кліпу «Вера, надзея, любоў» Лявона Вольскага і Ганны Хітрык; прыгажосьць прыроды ў роліку «Рэкі пад ільдом» гурту Re1kt… Дасканалыя відэа.
Альбомны чарт: N.R.M. доўгачаканы
Было вельмі прыемна бачыць у сьпісе некалькі альбомаў, якія я вельмі люблю, ці на якія доўга чакала, як новы CD N.R.M. «Д.П.Б.Ч.», альбом «Traukamurauka» гурту Kriwi ці «Варанок» Зьмітра Вайцюшкевіча. Таксама прыемна было мне адкрыць такія шэдэўры як «Zalaty» гурту «Bosaesonca», дзе проста фантастычна да месца выкарыстоўваюцца струнныя, ці «Ethno-fantasia» Ірэны Катвіцкай. Вельмі спадабаліся яшчэ народныя натхненьня новых альбомаў «Czornaja Panna» («Litvintroll») і «Santa Maria» («Стары Ольса»), як і дынамізм CD «Pastka» («Amaroka») і ўсе іншыя альбомы. Я наогул уражаная выдатным выбарам слухачоў «Тузіна» і якасьцю сучаснае беларускае музыкі.
Ангела Эсьпіноса, для Tuzin.fm
Ангела Эсьпіноса Руіс нарадзілася ў Малазе (Гішпанія) у 1993 годзе. 10 гадоў вучылася ў музычнай школе па клясе «піяніна», а таксама вывучала замежныя мовы. У 15 гадоў атрымала стыпэндыю ад ураду ЗША, займалася вывучэньнем дыпляматыі і міжнароднай палітыкі ў Паўночнай Караліне. Цікавасьць да Беларусі пачалася менавіта там, і стала сур’ёзным заняткам пасьля выбараў 2010 году, калі яна выйграла журналісцкую прэмію «Беларусь у фокусе», вывучыла беларускую мову і пачала займацца журналістыкай і сацыяльнай дзейнасьцю. У цяперашні час вывучае «славянскую філялёгію» ва ўнівэрсытэце ў Гранадзе. Ангела яшчэ піша прозу, паэзію, займаецца літаратурнымі перакладамі, акадэмічным дасьледаваньнем, музыкай ды іншымі вартымі і цікавымі справамі.
КАМЕНТАВАЦЬ