
Юлія Глебава. Песьня, пачутая ў шуме соснаў (аўдыёпрэм’ера)
Сьпявачка Юлія Глебава з гуртом «Час Speak» прадстаўляе на Tuzin.fm сваю першую беларускамоўную кампазыцыю «Супакой».
Юлія Глебава — артыстка, якая адбылася. Разам з сваім гуртом «Час Speak» яна стала фіналісткай і прызэркай шэрагу фэстаў і конкурсаў, а яе кавэр на песьню «Дзень народження» гурта «Воплі Відоплясова» так узрушыў Алега Скрыпку, што той запрасіў выступіць сьпявачку на сваім канцэрце ў Менску. Дэбютны альбом гурт Юлі запісаў у 2011-м, пасьля яго прадставіў некалькі сынглаў, а таксама два кліпы. Новая песьня «Супакой», якую музыкі прэзэнтуюць на Tuzin.fm — першая, запісаная па-беларуску.
«Гэты твор нарадзіўся ў няпросты пэрыяд майго жыцьця. Я апынулася на ростанях і ня ведала куды, з кім і галоўнае навошта рухацца далей. У пошуку душэўнага супакою яна літаральна зьбегла з гораду ў лес, на бераг Бярэзіны. Можа быць спадзявалася ў шуме соснаў пачуць адказы на ўсе мае пытаньні, але пачула… песьню. Прычым была яна па-беларуску», — распавядае Юлія.
Сваеасаблівы лэйтматыў «Супакой», інструмэнтальны пройгрыш, выкананы на цымбалах. Гэта адна з адметнасьцяў творчасьці Юліі Глебавай, якая ўводзіць гэты інструмэнт у рокавыя аранжыроўкі. Сьпявачка мае акром свайго асноўнага гурта яшчэ інструмэнтальны праект, у межах якога выконвае клясычныя кампазыцыі з цымбаламі ў рок-апрацоўцы.
Юлія кажа, што «Супакой» стала штуршком для зьяўленьня новых кампазыцыяў па-беларуску. Увосень плянуецца рэліз яе другога альбому, у які ўвойдзе як мінімум тры песьні на роднай мове.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ