Піт стоп! «Д.П.Б.Ч» N.R.M. зьнята з галасаваньня на Tuzin.fm
5367 / 5
04.03.2014

Піт стоп! «Д.П.Б.Ч» N.R.M. зьнята з галасаваньня на Tuzin.fm

Альбом гурта N.R.M. «Д.П.Б.Ч» другі раз запар перамог у CD-чарце на Tuzin.fm. Франтмэн каманды Піт Паўлаў называе гэты факт дадатковым пацьверджаньнем таго, што праца музыкаў вартая ўвагі і выступае з рэзкай крытыкай музычнай «экспэртнай» супольнасьці, якая так ня лічыць.

Альбом «Д.П.Б.Ч» лідзіраваў ад самага пачатку галасаваньня ў 4-м туры CD-чарту. І ўпэўнена перамог нават за выняткам «накручаных» галасоў, якія адміністрацыя чарту вымушаная была зьняць. Гэтым разам іх было вельмі шмат. Франтмэн N.R.M. Піт Паўлаў фактам зьняцьця «залішніх» галасоў абураны і мяркуе, што тое было зроблена таму, што «Тузін намагаецца адбудаваць сваю карціну сьвету». Адміністратар Tuzin.fm RWD так камэнтуе сытуацыю: «Мноства галасоў, пададзеных за N.R.M. былі зьнятыя з адной і той жа прычыны: галасаваньне аднаго і таго ж чалавека, з аднаго і таго ж кампутара з выкарыстаньнем розных лагінаў. Адна справа, калі, скажам, муж і жонка галасуюць з аднаго кампутару — гэта добра бачна. Але калі раптам зьяўляецца за дзьве хвіліны каля дзясятку галасоў з аднаго кампутару, але з розных лагінаў — гэта яўная накрутка. І яна будзе зьнятая».

Tuzin.fm павіншаваў лідэра N.R.M. зь перамогай. Піт мяркуе, што высокія месцы ў чарце — лішняе сьведчаньне таму, што ў музыкаў атрымаўся някепскі альбом, які безумоўна варты ўвагі. Каманда працягвае прадстаўляць сваю новую праграму ўжывую. Нядаўна Піт, Юрась і Алезіс адыгралі канцэрт у віцебскім клюбе «Чердачок». Праўда пра далейшыя канцэрты музыка нічога ня можа сказаць. Зь яго словаў, шмат зь якіх заплянаваных у рэгіёнах выступаў адмяняецца аддзеламі ідэалёгіі. Канкрэтныя прыклады пры гэтым Піт адмаўляецца прыводзіць.

Па-свойму адрэагаваў фронтмэн N.R.M. і на вынікі музычнай прэміі Experty.by, якая прайшла на мінулым тыдні. Так атрымалася, што альбом «Д.П.Б.Ч» ня быў згаданы ў аніводнай з вэрсіяў і не атрымаў нават намінацыі. «Я гэты партал, прыроўніваю да курсаў кройкі і шыцьця. Гэта непрафэсійны рэсурс і я лічу, што гэтыя музычныя журналісты ня маюць права падводзіць вынікі ў адпаведнасьці з сваімі прафэсійнымі здольнасьцямі. Вы падганяеце рэчаіснасьць пад свой партал», — заявіў музыка, маючы на ўвазе ў апошнім сказе, як партал Experty.by, так і Tuzin.fm.

Паўлаў лічыць, што самым істотным паказьнікам посьпеху альбому зьяўляецца  не «экспэртнае» меркаваньне і не пазыцыя ў віртуальным чарце, а лічба прададзеных дыскаў. Па зьвестках музыкі, увесь тысячны наклад «Д.П.Б.Ч» практычна разышоўся. «Гэтая лічба значна перавышае дасягненьні іншых, можа толькі ў Вайцюшкевіча яшчэ падобная сытуцыя. Гэта і ёсьць аб’ектыўны вынік», — падсумаваў музыкант.

Камэнтар Тuzin.fm: Гэтаму матэрыялу папярэднічала доўгая прыватная спрэчка зь Пітам. Цяперашні франтмэн N.R.M. з той пароды музыкаў, якія лічаць, што журналісты працуюць у сфэры абслугі. А таму павінны рабіць тое, што ім указвае Яго Вялікасьць Музыкант. Спрэчка тычылася ў асноўным сьціслага прадстаўленьня гурта на «Тузіне». Піт у досыць рэзкай форме патрабаваў зьняць апошні сказ — пра тое, што цяпер каманда, у якой ён грае, выступае, як трыё, безь Лявона Вольскага. Рэдакцыя паведаміла музыканту, што гатовая ўнесьці праўкі факталягічнага характару, але тут аніякай памылкі няма. У адказ Піт напісаў: «Калі гурт лічыць Ваш артыкул — кепскім, гэта — дастатковы повад яго зьмяніць» і назваў рэдактара парталу «неаб’ектыўным перадзёргівацелям фактаў».

Сытуацыя ўзмацнілася, калі «добразычліўцы» накруцілі ў альбомным чарце за гурт N.R.M. звыш за 100 галасоў, якія па правілах галасаваньня былі зьнятыя. Піту гэта дала лішнюю нагоду падумаць, што «Тузін» разьвязаў сапраўдную вайну супраць N.R.M. Ня важна нават, што па выніку «Д.П.Б.Ч» усё адно апынуўся на першым месцы. Але мы — сумленныя людзі і нам хапае трываласьці, каб выслухаць іншы пункт гледжаньня. Толькі каб без абразаў.

Але такія людзі, як Піт мяжы ня ведаюць, таму і дапускаюць абсалютна неабгрунтаваныя выпады, як у гэтым камэнтары, дзе на арэхі дасталося і «Тузіну», і «Экспэртам», якія ня ўгледзілі ў альбоме «Д.П.Б.Ч» прызнакаў геніяльнасьці. Прычым, трэба разумець — усім экспэртам (штатным аўтарам, сябрам Вялікага журы, народным і замежным), бо ў аніводнай з вэрсіяў рэйтынгу найлепшых альбомаў N.R.M. няма.

Выглядае, што цяперашні лідэр N.R.M. жыве ў сваім «каралеўстве крывых люстэрак», ілюзорным сьвеце, дзе толькі забароны не даюць разгарнуцца кіпучай дзейнасьці і сабраць Палац спорту і дзе толькі колькасьць прададзеных дыскаў мае сэнс. Дзе толькі той харошы, хто разумее простую «ісьціну» — дасканаласьць трыё N.R.M. А нязгодныя, вядома ж, «падганяюць рэчаіснасьць пад сябе». Такіх людзей, як Піт шчыра шкада. І з такімі людзьмі, як Піт, шчыра ня хочацца мець аніякіх справаў.

Tuzin.fm незалежны музычны рэсурс, створаны дзеля прасоўваньня беларускай музыкі. І мы працуем толькі з тымі, хто прымае абвешчаныя загадзя правілы — сумленнасьці барацьбы і тактоўнасьці ў сваіх выказваньнях.

На жаль, лідэр N.R.M. парушыў правіла прынамсі тактоўнасьці, таму мы вымушаныя выключыць яго гурт зь ліку ўдзельнікаў CD-чарту. Хоць месцамі  дыск «Д.П.Б.Ч» нам вельмі сымпатычны і мы паважаем усё, што зрабілі, робяць і яшчэ зробяць гэтыя музыкі.

Прыходзьце на канцэрты N.R.M. Ім зараз вельмі неабходная ваша падтрымка!

P.S. У СD-чарт у лютым цяпер удзельнічае 11 рэлізаў. У наступны тур з сакавіка ў барацьбу ўступяць два новыя альбомы — адзін замест N.R.M., а другі — замест рэлізу, што зойме апошняе месца па выніках галасаваньня.

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Мікалай Тамашэвіч
    Мікалай Тамашэвіч / адказаць
    04.03.2014 / 15:33

    "Піт у досыць рэзкай форме патрабаваў зьняць апошні сказ – пра тое, што цяпер каманда, у якой ён грае, выступае, як трыё, безь Лявона Вольскага."

    Цікава, а як насамрэч? Я так разумею, раней NRM граў з Лявонам, а зараз без яго. У чым памылка?

  • Ishmael Kaplan
    Ishmael Kaplan / адказаць
    04.03.2014 / 16:05

    Ну відаць Паўлаву зусім не хочацца каб узгадвалі пра Вольскага. Вось такія яны - рок-зоркі!

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    04.03.2014 / 15:49

    Магу толькі зрабіць адну з магчымых высноваў з гэтага патрабаваньня - Піт ня хоча, каб тыя, хто яшчэ ня ведае, што N.R.M. выступае безь Лявона, даведаліся пра гэта. Гэта можа тычыцца, напрыклад, патэнцыйных польскіх арганізатараў канцэртаў і фэстываляў. Выключна мая здагадка.

  • Дзмітрый Падбярэзскі
    Дзмітрый Падбярэзскі / адказаць
    04.03.2014 / 21:26

    Параноя. Шкада...

  • Нах Sovkina
    Нах Sovkina / адказаць
    05.03.2014 / 23:40

    Я канечне паважаю дасягненьне гэтых музыкаў, але вельмі сумняваюсь, што альбом "Д.П.Б.Ч" карыстаўся такім бы попытам, каб быў выпушчаны не пад знакам якасьці "N.R.M"

  • КАМЕНТАВАЦЬ