ШОС Бэнд. Культурная правакацыя з Бэрліну (прэм’ера альбому)
4368 / 1
29.01.2016

ШОС Бэнд. Культурная правакацыя з Бэрліну (прэм’ера альбому)

Гурт з Бэрліну, заснаваны культурным правакатарам зь Менску, прэзэнтуе на Tuzin.fm свой дэбютны альбом «Калі Госпаду Баліць» на беларускай ды ўкраінскай мовах*.

Заснавальнік «ШОС Бэнду» Міхась з пачатку 00-х жыве ў Бэрліне, але часьцяком наведваецца ў Менск да родных і сяброў. З гэтай нагоды просіць не называць яго сапраўднае прозьвішча, а прадстаўляць проста як «Пан Міхал зь Ліпску». Перажывае не за сябе, а за маці, каб лішні раз не хвалявалася. Ды каб яе ніхто не хваляваў. 

Музычны праект, які Міхал заснаваў разам з украінцам, грузінскім цыганам і габрэем, гучна дэбютаваў з самотнікам «КГБ-Калі Госпаду Баліць» на Tuzin.fm у 2011 годзе. Песьня некалькі месяцаў была ў ліку самых запатрабаваных у нас на сайце. З таго часу пра гурт нічога не было чуваць. Аказваецца не распаўся — музыкі пакрысе працавалі над новым матэрыялам, які цяпер гатовы прадставіць.

Міхалу ёсьць што згадаць. Ягоны тата быў літаратурным крытыкам, да іх дадому за савецкім часам яшчэ Зянон, Максім Танк, Сяргей Грахоўскі заходзілі, а сусед Іван Пташнікаў на іх, малых дзяцей, лаяўся за тое, што пісаць заміналі. У 90-х лідэр «ШОС бэнд» быў даволі вядомым чалавекам у менскім культурным асяродзьдзі, граў у футбол зь Сяргеем Міхалком і з Славамірам Адамовічам, а з Алегам Бябеніным, Мікалаем Халезіным ды Ірынай Халіп рабіў газэту «Имя». Выступаў у складзе менскага гэві-мэтал гурта Spirit. Сан Саныч, лідэр гэтага гурта, адзін зь першых у Менску, хто займеў іракез і залазіў падчас канцэртаў з галавою ў бас-бочку, цяпер, са словаў Міхала, працуе ў праваслаўным кляштары ды выдаў нядаўна альбом хрысьціянскіх сьпеваў.

Міхал (справа пасярэдзіне) у 90-х

Міхал меў таксама сольны праект НХЛ. «Я заўжды быў культурным правакатарам», — кажа музыка. У 1996 годзе яму ўдалося афіцыйна выдаць альбом НХЛ «Музыка для хоккеистов». У адной зь песень ён сьпяваў, як «товарищ Лукашенко на корке апельсиновой сломал ногу». З паўмесяца касэта прадавалася на ўсіх буйных кропках у Менску, але нейкі пільны слухач настукаў на яго ў фірму-выдаўца і альбом быў прыбраны з паліцаў. Пан Міхал у тыя часы яўна карыстаўся слабай ідэалягічнай пільнасьцю дзяржаўных структураў — у ратацыю на беларускае дзяржаўнае радыё ўдалося ўкінуць песьню, дзе сьпявалася так: «Пайду служыць мянтом/Не дай Бог цябе злаўлю/Ўсю дубiнку паламлю».

Пан Міхал зь Ліпску

Пан Міхал сьцьвярджае, што ведае хто такі Інкогніта, які сьпявае «Надзеньку» ў «Народным альбоме», а сярод іншых сваіх заслугаў называе, што менавіта ён прымусіў засьпяваць на беларускай мове будучую рок-князёўну Крысьціну Мендзялееву з гурта Hasta La Fillstа і зацягнуў у першы беларускамоўны праект вакаліста гурта Partyzone Дзяніса Вячэрскага. А ў 1997 годзе, згадвае Міхась, ён стварыў фэст «Поп-каранацыя», які меў шалёны посьпех (там тады ўпершыню на публіку паказаліся «Лепрыконсы»), хоць сам ён апынуўся па выніку на Акрэсьціне.

На пачатку 00-х Пан Міхал перабраўся ў Бэрлін. «Міхалок тут неяк пабываў, дык потым распавядаў усім пра цікавы артыстычны квартал Кройцбэрг. Дык я ў тым Кройцбэргу, турэцкім дарэчы раёнчыку, нехта накшталт культурнага начальства», — кажа ён. На пэўны час сувязь зь Беларусьсю ў яго страцілася — банальна не ставала часу, даводзілася прысьвяціць сябе зарабляньню грошай: «Трое малых у мяне, а на скрыпачцы займацца дорага каштуе. Па прыкладзе Фэлікса Аксёнцава, у якога штосьці заварушыла ў Краі толькі пасьля 19 сьнежня, у апошні час хаця б песенькі раблю», — кажа Міхал. «ШОС Бэнд» ён заснаваў у 2011 годзе разам з паплечнікамі. Міхал піша словы і сьпявае, а сябра яго Раман Карастан стварае музыку ды аранжуе.

Раман Карастан

Музыкі прэзэнтуюць на Tuzin.fm свой дэбютны альбом, названы ў гонар той самай іх першай песьні, якая была прэзэнтаваная пяць гадоў таму. У рэліз «Калі Госпаду Баліць» акрамя беларускамоўных, увайшлі дзьве кампазыцыі па-ўкраінску «Донечка» і «Місяць», якія трапілі ў этэр шэрагу ўкраінскіх радыёстанцыяў. Бонусам у рэліз увайшлі два абсалютна сьвежыя трэкі — «Бязнога» і «Туман», запісаныя ў 2016 годзе. «Навукоўцы сьцьвярджаюць што дурні актывізуюцца на зломе вясны ды восені, а беларусы — раз на 5 гадоў. Таму і наш беларуска-ўкраінска-жыдоўска-цыганскі праект з Бэрліну запісаў некалькі сваіх песень перад выбарамі, а цяпер рады іх прадставіць слухачам», — гаворыць Міхал.

Адносна канцэртаў у Менску Пан Міхал сказаў, як адрэзаў, яшчэ ў час прэм’еры самотніку. «Калi яны спускаюць сабакаў на тых, каго хапае толькi на тое, каб нацiснуць на пiмпачку з кансэрваваным Цоем, дык жывую рыбу, мяркую, будуць глушыць у басэйнах зь сернай кiслатой».

*пры напісаньні матэрыялу быў скарыстаны артыкул пра ШОС Бэнд, зьмешчаны на Tuzin.fm 28.07.2011

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • SHOS-Band / адказаць
    30.01.2016 / 17:44

    Menavita tady jak u prablemah usia galava - Budkin nareshce vyklaw dawnenka stvorany material, shto jasche raz padkresliwae - htosci Dobry za wsim sochyc' i usim kirue

  • КАМЕНТАВАЦЬ