!OUT: Тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора (аўдыё)
10191 / 4
07.03.2014

!OUT: Тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора (аўдыё)

2 сакавіка 2014 году пайшоў у іншы сьвет вялікі паэт Рыгор Барадулін. На знак памяці і на даніну пашаны да гэтага сьветлага чалавека Tuzin.fm сабраў 12 самых яскравых песень, напісаных на яго словы.

«Песьня — раўнівая паненка. За ўзаемнасьць патрабуе душу. Песьня — асоба самадастатковая і непаўторная ў сваім выяўленьні!» Так лічыў Рыгор Барадулін. Паэт пакінуў па-за сабой ня толькі каля сотні кнігаў, але і мноства песень. Яго вершы паклалі на музыку барды і рокеры, эстраднікі і вядучыя акадэмічныя кампазытары. Абраны тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора вашай увазе.

1. «Трэба дома бываць часьцей» (Р. Барадулін — І. Лучанок, выконваюць Данчык і Л. Барткевіч)

Гэты радок Рыгора Барадуліна даўно стаў крылатым. Ён знаёмы, бадай, кожнаму беларусу. Сваю ролю сыграла і музыка Ігара Лучанка. Песьня сталася сапраўдным шлягерам, а ў вэрсіі Данчыка і Барткевіча ледзь не нацыянальным гімнам. Запіс адбыўся ў 1989 годзе ў Нью-Ёрку.

2. «Зорка босая» (Р. Барадулін — А. Камоцкі, выконвае А. Камоцкі)

Зь імем Барадуліна зьвязаная практычна ўся дыскаграфія Алеся Камоцкага. Асобныя альбомы ўвогуле цалкам пакладзеныя на словы дзядзькі Рыгора — «Зорка спагады», «Баляжы», «Вяровіца». У некаторых альбомах Камоцкага паэт дэклямуе ўласныя вершы — «Віно дажджоў», «Псальмы». Між спадарамі Рыгорам і Алесем быў моцны ня толькі творчы, але і сяброўскі зьвяз. Яны нават супольна выдавалі кнігі. А сярод песень адным з найлепшых узораў супрацы стала «Зорка босая». Новая вэрсія песьні ўпрыгожыла кружэлку Алеся Камоцкага «9» (2009). «У спадара Алеся шмат якасьцяў. Назаву толькі дзьве: шчырасьць і сьціпласьць. Гэта па-крывіцку», — такую ацэнку свайму сьпеваку і сябру даў Барадулін.

3. «А ў цёмным лесе» (народная, выконвае Рыгор Барадулін)

Менавіта з падачы Алеся Камоцкага быў запісаны адзіны сольны (!) дыск Рыгора Барадуліна «Гойкнуў баравік» (2000). Кружэлка зьмяшчае ажно 56 трэкаў і лічыцца вялікім рарытэтам. Зрэшты, да шырокага распаўсюду яна і не прызначалася. Дзядзька Рыгор a capella выконвае песьні ды прыпеўкі з роднае Вушаччыны. У альбоме дэманструюцца рэдкія ўзоры народнае эратычнае паэзіі.

4. «Пані трошкі ў гадах» (Р. Барадулін — Зьм. Вайцюшкевіч, выконвае Зьм. Вайцюшкевіч)

Як аўтар усіх тэкстаў і чытальнік, Рыгор Барадулін быў задзейнічаны ў запісе альбома Зьмітра Вайцюшкевіча «Паравоз каханьня» (2004). Паэт прапанаваў кароткія вершаваныя ўступы да кожнае песьні. Прыкладна палова альбома таксама мае сэксуальны падтэкст (першы варыянт назову — «Каханьне да заіканьня»). Аднак асноўным гітом кружэлкі стала менавіта «Пані трошкі ў гадах». Некаторыя крытыкі потым іранічна зазначалі, што песьня ўзростава адпавядае асноўнай аўдыторыі Зьмітра. Дарэчы, менавіта Барадулін даў імёны яшчэ двум альбомам Вайцюшкевіча — «Паравіны году» (замест нарматыўнага «поры году») і «Тое, што трэба». А яшчэ пара сьпеваў на словы народнага паэта трапіла на кружэлку «Калыханкі» (2007).

5. «Зоркі» (Р. Барадулін – Зьм. Вайцюшкевіч, выконваюць Czeremszyna & Todar)

Яшчэ адным пасьпяховым плёнам Барадуліна з Вайцюшкевічам стала песьня «Зоркі». Яна нечакана набыла вялікую вядомасьць на Падляшшы. Да таго спрычыніўся мясцовы фольк-гурт Czeremszyna. У 2010 выйшаў сумесны альбом «Чэрэмшыны» са Зьмітром «Тодарам» Вайцюшкевічам. Песьня «Зоркі» выдатна ўпісалася ў лэмкоўскі і палескі фальклёр. «Для мяне працаваць са Зьмітром было вялікім гонарам. Мне здаецца, то цяпер менавіта ён зьяўляецца ўвасабленьнем сучаснае беларускае музыкі», — казаў Рыгор Іванавіч.

6. «Белая яблыня грому» (Р. Барадулін — Л. Вольскі, выконвае Л. Вольскі)

Верш Рыгора Барадуліна 1977 году даў імя, пэўна, найлепшаму сольнаму альбому Лявона Вольскага разам з галоўным гітом кружэлкі. Паэт паслухаў той дыск адным зь першых, яшчэ да прэзэнтацыі. Лявон Вольскі ўзгадвае: «Дзіўна, што гэтая песьня — гіт, бо яна атрымалася недзе паміж вальсам і блюзам. Давялося дэфармаваць вершаваны памер. Але Рыгор Іванавіч застаўся вельмі задаволены». На думку Лявона, у вершы закадаваныя этапы чалавечага жыцьця. У гітарным сола можна пазнаць «Белавескую пушчу» «Песьняроў».

7. «Пісьмо беларускіх партызан» (Р. Барадулін — Ул. Мулявін, выконваюць «Песьняры»)

Як сьведчаць кронікі, Уладзімер Мулявін зьвяртаўся да паэзіі Рыгора Барадуліна толькі аднойчы — падчас працы над праграмай «Праз усю вайну» (1985). Праграма складалася зь вершаў менавіта тых паэтаў, хто пабачыў Другую сусьветную на ўласныя вочы. Тым тлумачыцца і жорсткі натуралізм у многіх эпізодах альбома, нават быццам бы жартоўных, як у выпадку з Барадуліным. Адзначым, што сучасны БДА «Песьняры» мае ў рэпэртуары кампазыцыю «Свет» — расейскамоўную адаптацыю яшчэ аднаго твору Барадуліна.

8. «Когда возьмет тоска (Калі возьме туга)» (Р. Барадулін — Я. Глебаў, выконвае А. Аўчыньнікаў)

Два вершы Рыгора Барадуліна гучаць на расейскай мове ў фільме «Прошлогодняя кадриль» (1978) у выкананьні Аляксандра Аўчыньнікава. Усю музыку да гэтае мэлядрамы напісаў Яўген Глебаў. «Загана адна ў Яўгена — пісаць ён ня ўмее дрэнна», — засьведчыў у эпіграме дзядзька Рыгор. Па словах удавы кампазытара Ларысы Глебавай, яны добра сябравалі. Барадулін неаднойчы заходзіў ў госьці да Глебава разам з Караткевічам. Арыгінальны саўндтрэк да згаданага фільму нядаўна адшукаўся ў сямейным архіве Глебавых. Песьня публікуецца ўпершыню.

9. «Памяці маці» (Р. Барадулін — Ул. Кур’ян, выконвае В. Пархоменка)

Увогуле, шмат хто з акадэмічных кампазытараў зьвяртаўся да Рыгора Барадуліна — Вагнер, Смольскі, Наско, Алоўнікаў, Сонін, Залётнеў… Ягоныя вершы набываюць выгляд араторыяў і вакальна-сымфанічных паэмаў. Да прыкладу, Уладзімер Кур’ян стварыў такую паэму паводле твору «Памяці маці», далучыўшы сьпявачку Валяньціну Пархоменку і Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі.

10. «Жаўранак каханьня» (Р. Барадулін — Т. Грыневіч, выконвае Т. Грыневіч)

Удзельніца Дзяржаўнага камэрнага хору Тацьцяна Грыневіч уключыла гэты сьпеў у зборнік беларускіх рамансаў «Шыпшына» (2011). Верш быў узяты са зборніку «Anima» — дзясятай па ліку кнігі Рыгора Барадуліна, якую выдаў менскі Чырвоны касьцёл. Не сакрэт, што ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк падчас імшы часта цытуе вершы Барадуліна.

11. «Будзьма» (Р. Барадулін — Э. Зарыцкі, выконвае Я. Навуменка)

У рэпэртуары эстраднага сьпевака Якава Навуменкі меліся дзьве песьні на словы Рыгора Барадуліна. Прычым, да адной зь іх — «Колькі год Беларусі» — Навуменка самастойна напісаў музыку. А песьня «Будзьма» пабачыла сьвет яшчэ да зьяўленьня аднайменнае грамадзкае кампаніі. Яна ўвайшла ў сольны альбом Навуменкі 2006 году: «Хай жа на гэтым сустрэнемся сьвеце перад сустрэчай на тым…»

12. «Фарфор» (Р. Барадулін — А. Грахоўская, выконвае Dream-band «Агатка»)

Найноўшы і вельмі ляканічны ўзор сьпяванае паэзіі Рыгора Барадуліна. Dream-band «Агатка» зьмясьціў гэтую песьню ў сеціве 26 лютага, неўзабаве пасьля 79-га дня народзінаў паэта. Музыку склала стваральніца бэнду Аляксандра Грахоўская, вядомая таксама сваім ўдзелам у фольк-тэатры «Госьціца».

Дадамо, што яшчэ некалькі добрых песень на словы Рыгора Барадуліна можна адшукаць у сэрыі «Беларускі хрысьціянскі гіт» (часткі 1, 3, 5). На бардаўскай сцэне выконваюцца шматлікія ягоныя пераклады замежных аўтараў. Акром таго, Рыгор Барадулін пасьпеў паўдзельнічаць як дэкляматар у стварэньні кружэлкі «Галасы…» (праект Сяргея Панізьніка ды Глеба Лабадзенкі). Ягоныя вершы на гэтым дыску прадстаўленыя ў дзьвюх вэрсіях: голасам літаратара ва ўзросьце Хрыста (1968) і прызнанага жывога клясыка (2009).

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

Рэдакцыя парталу Tuzin.fm выказвае спачуваньне родным і блізкім у сувязю зь сьмерцю Паэта. Вечная памяць!

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    07.03.2014 / 17:52

    Выказвайцеся, якая песьня з гэтае падборкі вам прыйшлася больш за ўсё да спадобы. Наш фаварыт - Валянціна Пархоменка. Вельмі прыгожы і кранальны сьпеў. Зрэшты ўсе астатнія яму не саступаюць. Дзякуй Віце за падборку!

  • Цукерка / адказаць
    08.03.2014 / 18:57

    А дзе "Вясновы Дзень"? ДЗЕ?

  • Віктар Сямашка / адказаць
    09.03.2014 / 01:14

    Тут быў прынцып ад кожнага выканаўцы па песьні (кшталту трыб'юту). А так, канешне, увесь альбом "Паравоз каханьня" неблагі.

  • Віктар Сямашка / адказаць
    19.03.2014 / 15:12

    Яшчэ трошкі песень, што не зьмясьціліся ў тузіне абраных, можна пачуць тут -
    http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/475/

  • КАМЕНТАВАЦЬ