
.К — пераможца Конкурсу XXVII Фэстывалю «Басовішча»
Сёлета за перамогу змагаліся менскія электроншчыкі Intelligency, наваградзкая каманда M.G., інструмэнталісты Тhe Glitchhh, гурт Haina, які грае ў кірунку экспэрымэнтальнага року, ды Яўген Кучмейна з праектам .K.
Пасьля доўгага абмеркаваньня журы назвала найлепшым праект .К. У раду ўвайшлі арганізатары фэсту, музычныя экспэрты, грамадзкія дзеячы ды журналісты — старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Ганна Пякарская, сьпявачка Ілона Карпюк, рэдактарка парталу Tuzin.fm Хрысьціна Дарапей, галоўны рэдактар Euroradio.fm Віталь Зыблюк, музыка і журналістка Марыя Яр, журналіст Polskie Radio Bialystok Анджэй Байгуз, Віктар Сямашка ад беларускага радыё «Рацыя» ды пераможцы 2015-га году — TonqiXod і Navi.
«Камусь з кансэрватараў наш выбар можа быць незразумелым — вельмі ўжо далёка знаходзіцца пераможца ад клясычнай рокавай стылістыкі, якую заўжды шанавалі на „Басовішчы“. Але час ідзе наперад — зьмяняецца музыка і паняцьце аб актуальным гучаньні, — камэнтуе Ганна Пякарская. — Мы мусілі гэта ўлічваць і ўпэўненыя, што не памыліліся ў выбары. .К — твар музыкі маладой беларускай музыкі».
У 2015-м годзе пераможцамі конкурсу сталі адразу два гурты — Navi і TonqiXod. На натуралнае пытаньне, чаму ў 2016-м рада экспэртаў не зрабіла так жа, адказвае сябра журы Хрысьціна Дарапей: «Калі летась мы вызначалі найлепшых у конкурсе, выбар здаваўся складаным, бо ўдзельнікі вельмі адрозьніваліся паміж сабою. Але сёлета канкурсанты перабывалі нібы на розных палюсах музычных стыляў — ад тэхна-блюзу да шугэйзу, ад санграйтынгу да гаражнага року. Аднак з году ў год рабіць выключэньні і выбіраць двох пераможцаў празь непадобнасьць творчай манеры мы ня можам, бо выключэньні на тое і выключэньні, каб іх рабілі рэдка. Таму пасьля бурлівай дыскусіі мы абралі аднаго пераможцу».
Каб 22 ліпеня зайграць на Конкурсе маладых гуртоў усе фіналісты прайшлі доўгі шлях. Сёлета пераможаў абіралі ў некалькі этапаў. Узімку журы адслухала он-лайн-заяўкі і абрала 10 паўфіналістаў, якія зайгралі на жывым праслухоўваньні — «Адборышчы». Па выніку былі названыя чатыры фіналісты, якія атрымалі магчымасьць зайграць у конкурснай частцы «Басовішча». Адмысловае месца ў Конкурсе атрымалі дэбютанты году па вэрсіі Euroradio гурт Haina.
Акрамя ганаровага званьня пераможца «Басовішча», праект .К атрымаў магчымасьць выступіць з сэтам у другі дзень фэстывалю, гарантаванае месца ў праграме «Басовішча» ў 2017 годзе ды грашовы прыз. Таксама яго песьні трапяць у ратацыю Беларускага радыё «Рацыя» ў праймтайм.
Яшчэ: Яўген Кучмейна («.К»). Самараскладаньне ў жывым этэры (аўдыё/відэа)
отличное решение жюри! +100
Дзядзька адназначна круты) Вось я за яго!
КАМЕНТАВАЦЬ