Памерла заснавальніца беларускай этнамузыкалёгіі Зінаіда Мажэйка
8 сакавіка на 81-м годзе жыцьця пайшла ў іншы сьвет дасьледчыца беларускага фальклёру Зінаіда Мажэйка.
Пра гэта Tuzin.fm паведаміў Вячаслаў Калацэй, загадчык катэдры этналёгіі і фальклёру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і лідэр гурта «Ветах».
Спадарыня Зінаіда прысьвяціла жыцьцё вывучэньню беларускага фальклёру. Фактычна яе можна лічыць заснавальніцай беларускай этнамузыкалёгіі. Яна скончыла беларускую кансэрваторую і працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру НАН Беларусі. Яе працы тычыліся песеннай культуры Беларускага Палесься, Паазер’я, Падняпроўя. Паводле яе сцэнароў на «Беларусьфільме» былі зьнятыя дакумэнтальныя стужкі з выкарыстаньнем унікальнага матэрыялу, сабранага ў экспэдыцыях: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы стагодзьдзяў» (1979), «Памяць стагодзьдзяў» (1982), «Крывыя вечары» (1993) і «Рух зямлі» (1999). Спадарыню Мажэйку па-сутнасьці можна лічыць першай беларускай прадусаркай этнічнай музыкі. Яна займалася арганізацыяй канцэртаў фальклёрных калектываў, рыхтавала да выданьня вінілавыя кружэлкі. Плыта «Музычны фальклёр Беларускага Палесься» ў 1988 годзе адзначана Гран-пры ЮНЭСКО.
Відэа: фільм «Палескія калядкі» па сцэнары Зінаіды Мажэйкі і Ўладзімера Караткевіча, рэжысэр Ніна Сава (1972)
Дзейнасьць Зінаіды Мажэйкі паўплывала на айчынную фольк-сцэну. Так, напрыклад, лідэр этна-трыё «Троіца» Іван Кірчук неаднойчы прызнаваўся, што з дапамогай фільмаў дасьледчыцы адкрыў для сябе абсалютна новыя пласты сьпеваў, найперш фальклёр Беларускага Палесься. Вячаслаў Калацэй адзначае, што Мажэйка ня толькі актыўна вывучала каранёвую культуру беларусаў, але і зацята змагалася за яе захаваньне.
Разьвітаньне зь Зінаідай Мажэйкай адбудзецца з 12:00 да 14:00 12 сакавіка ў рытуальнай залі Рэспубліканскага клінічнага цэнтру (Лечкамісіі) па адрасе вул. Чырвонаармейская, 10.
Партал Tuzin.fm выказвае спачуваньні блізкім, родным і калегам Зінаіды Мажэйка.
Tuzin.fm, фота — з суполкі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства
На фота: Фальклёрная экспэдыцыя ў в. Зачэпічы Дзятлаўскага раёну. В. Ялатаў, З. Мажэйка, М. Грынблат. 1963 г.
Студэнты кансэрваторыі па дарозе ў фальклёрную экспэдыцыю. У кузаве машыны: кампазытар І. Лучанок, музыказнаўцы А. Саламаха, З. Мажэйка, Г. Камісарава. 1957 г.
У студэнцкіх кансэрваторскіх экспэдыцыях З. Мажэйку накіроўвалі для запісу самых незгаворлівых дзядоў-палешукоў. Экспэдыцыя ў Лоеўскі раён. 1957 г.
На 70-гадовым юбілеі. Песенны дуэт з Іванам Саламевічам, 2003
Добры фільмец, "Палескія калядкі" :). Я б і астатнія, што там пералічаны паглядзеў бы з здавальненнем, але нажаль на ютубе іх не знайшоў. Калі хто мае спасылкі - буду ўдзячны!
"Галасы стагодзьзяў" ёсьць УК http://vk.com/video-3935267_167238120
"Крывыя вечары" і "Рух Зямлі" знайшліся на сайце kinopark.by (трэба рэгістравацца), а наогул усе гэтыя фільмы павінны быць у Музэі гісторыі беларускага кіно.
КАМЕНТАВАЦЬ