Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол* (аўдыё, відэа)
У рубрыцы !OUT факты і дакумэнты зь біт-фэстывалю-1968, які стаў першым фэстам такога кірунку ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім СССР.
12—14 красавіка 1968 году ў Радыётэхнічным інстытуце адбыўся Першы фэстываль біт-ансамбляў Менску, сапраўды першы фэстываль такога кірунку нават у межах СССР. Усе тры дні фэстываль суправаджалі перааншлягі і масавы ажыятаж. Менавіта зь Першага Біт-фэсту прынята адлічваць дзень народзінаў беларускага рок-н-ролу.
Фэстывалю папярэднічала зьяўленьне ў сталіцы Беларусі крытычнае масы паўлегальных гуртоў, якія гралі блюз, рок-н-рол і самы модны тады напрамак «біг-біт». Кожны інстытут, школа, прадпрыемства, установа мелі свой вакальна-інструмэнтальны ансамбль. Адзін, як мінімум. Да арганізацыі фэсту падключыўся рэктарат РТІ, прафкам, рэдакцыя газэты «Кібэрнэтык», гарадзкія ўлады і камсамол. Апошні прапанаваў прысьвяціць фэстываль 50-годзьдзю БССР ды ВЛКСМ. Афіцыйнай мэтай форуму стала «папулярызацыя сучаснае эстраднае музыкі і найлепшых яе выканаўцаў, а таксама эстэтычнае выхаваньне моладзі». Перад галоўнай падзеяй прайшлі адборачныя конкурсы. Па замове ў тыпаграфіі былі надрукаваныя запрашальнікі і карткі з эмблемай фэстывалю.
Склад журы:
— старшыня журы Барыс Райскі, кіраўнік эстраднае аркестры Белтэлерадыё;
— дырэктар Белдзяржфілярмоніі Георгі Загародні;
— маладыя кампазытары Яўген Грышман і Ігар Лучанок;
— першы сакратар Менскага гаркаму ЛКСМБ Вячаслаў Радамскі;
— ды іншыя.
Сьпіс удзельнікаў:
— «Альгарытмы» (Радыётэхнічны інстытут),
— «2+2» (Радыётэхнічны інстытут),
— «Дойліды» (СКБ заводу імя С. Арджанікідзэ),
— «Рэфлексы» (Мэдычны інстытут),
— «Пінгвіны» (Інстытут фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук),
— «Грыфы» (ЦУМ),
— «Вясёлыя лісы» (школьны ансамбль),
— «Дысканты» (Політэхнічны інстытут),
— «Ювэнта» (Політэхнічны інстытут),
— «Сінія гітары» (Політэхнічны інстытут),
— «Скіфы» (Інстытут фізкультуры),
— ансамбль Б. Гамаюнава (Белдзіпрасельбуд).
У пайменным сьпісе ўдзельнікаў — 89 прозьвішчаў. Сярэдні ўзрост — 20 гадоў.
Вытрымка з Палажэньня фэстывалю.
Ансамбль, які выступае па праграме фэстывалю, выконвае 7 твораў, сярод якіх павінны быць наступныя:
1. твор савецкага кампазытара,
2. апрацоўка на беларускія тэмы,
3. уласны твор,
4. інструмэнтальная п’еса.
Яшчэ 3 рэчы выбіраюцца па меркаваньні саміх удзельнікаў. Кожны прадстаўлены нумар (акром 4) можа ўключаць выступы саліста. Агульны час выступу аднаго ансамблю не павінен перавышаць 45 хв. На наладку апаратуры перад выступам даецца 15 хв.
Сьпіс пераможцаў:
1 месца, вялікі прыз «Бурштынавая гітара» — «Альгарытмы»,
2 месца, малы прыз «Крыштальная ваза» — «Дойліды»,
3 месца — «Рэфлексы»,
найлепшы сола-гітарыст — Яўген Канавалаў («Альгарытмы»),
найлепшы рытм-гітарыст — Алег Герасіменка («Грыфы»),
найлепшы арганіст — Вячаслаў Ксяндзоў («Альгарытмы»),
найлепшы бубнач — Міхал Голад («Альгарытмы»),
найлепшая салістка — Ларыса Лаўрышкова («Альгарытмы»),
найлепшы саліст — Юры Ражаў («Пінгвіны»),
прыз за найлепшую апрацоўку беларускае тэмы — «Дойліды»,
прыз за найлепшы ўласны твор — Яўген Канавалаў («Альгарытмы») за кампазыцыю «13-ы маршрут».
На фота: аўтографы ўдзельнікаў біт-фэстывалю
Цытаты з рэспубліканскае прэсы.
«Знамя юности»: Калі палічыць колькасьць ансамбляў на душу насельніцтва, то Менск ужо пакінуў Ленінград ззаду. Калі яшчэ ўлічыць, што ў нас цяпер ладзіцца толькі першы такі фэстываль, які пэўна рэзка павялічыць колькасьць прыхільнікаў новага напрамку ў эстраднай музыцы, то можна спадзявацца, што ў хуткай будучыні мы перагонім Ленінград і па абсалютнай колькасьці электрагітарных ансамбляў.
«Вячэрні Мінск»: Самым «старым ансамблям няма і двух гадоў. Але справа не ўва ўзросьце, а ў маладым запале. Яго ў электрагітарыстаў хапае. Яны часта выступаюць з канцэртамі на прадпрыемствах, у калгасах і перад ваярамі Савецкае Арміі, езьдзяць на гастролі ў іншыя рэспублікі.
«Чырвоная зьмена»: Кожны ансамбль адчувае ў сваёй рабоце немалыя цяжкасьці. Па-першае, у нас не вырабляюць пакуль што неабходныя інструмэнты, а самаробная апаратура не дазваляе дабіцца высокае якасьці гучаньня. Па-другое, кампазытары-прафэсіяналы амаль ня пішуць музыку ў стылі біг-біт.
«Літаратура і мастацтва»: Няма заводзкай стандартнай апаратуры. Хлопцам даводзіцца рабіць яе сваімі рукамі, што не заўсёды дазваляе дасягнуць неабходнае якасьці гучаньня. Дарэчы, гэтую праблему зь цяжкасьцю вырашаюць ня толькі самадзейныя ансамблі, але і прафэсійныя калектывы. Можа менскаму радыёзаводу варта было б падумаць над выпускам такой прадукцыі? Попыт ёсьць!
«Голас Радзімы»: Найлепшым біт-ансамблям Белдзяржфілярмонія прапанавала эстрады сталічных кінатэатраў, кафэ, рэстарацыяў.
Аўдыё- і відэа-кроніка.
Жывы гук фэстывалю запісваўся на аўдыёстужку. Але захаваліся толькі фрагмэнты з выступу «Альгарытмаў», запісаныя з глыбіні залі (верагодна, са стала журы). Акром таго, усе тры конкурсныя канцэрты здымаў «Беларусьфільм». Аднак вынікам стаў дзесяціхвілінны рэпартаж «13-ы маршрут». Фільм некалькі разоў перарабляўся, быў забаронены да дэманстрацыі, доўга ляжаў у архіве, а потым зьнішчаны разам з сыходнымі матэрыяламі. Адну копію пасьпеў схаваць дома апэратар Эдуард Гайдук. Нядаўна гэтае відэа з падачы Андрэя Скуратовіча прайшло сур’ёзную рэстаўрацыю і было зьмешчана ў Сеціве.
Склад «Альгарытмаў» узору 1968 г.:
Яўген Канавалаў — сола-гітара,
Пятро Вярлыга — рытм-гітара,
Ігар Крупеня — бас-гітара,
Міхал Голад — бубны,
Вячаслаў Ксяндзоў — арган,
Ларыса Лаўрышкова — вакал,
Юры Вайцяховіч — вакал,
Уладзімер Янголь — гук.
Post factum.
З падзеямі Праскае вясны ў СССР скончылася «адліга». Большасьць з 12 ўдзельнікаў Першага фэстывалю біт-ансамбляў Менску хутка зьнікла зь відавоку. Многія гурты былі расфармаваныя, шмат каго з музыкаў забралі служыць у войска.
Найлепшы клявішнік фэстывалю Вячаслаў Ксяндзоў скончыў жыцьцё самагубствам у тым жа 1968 г. Гурт «2+2» уліўся ў склад «Альгарытмаў». Абноўлены калектыў праіснаваў да 1971 г.
«Дойліды» сталі ляўрэатамі Ўсесаюзнага конкурсу «Алло, мы ищем таланты!» і цягам трох гадоў гастралявалі па СССР. Уладзімер Сільвановіч з «Дыскантаў» таксама паўдзельнічаў у гастролях па Саюзе са зборнай камандай.
Найлепшы саліст Юры Ражаў зь «Пінгвінаў» зрабіў кар’еру ў Міністэрстве ўнутраных справаў.
Уладзімер Сьпірыдовіч зь «Вясёлых лісаў» паступіў у БДУ стварыў арт-рокавы ансамбаль «Арганаўты», які перамог у Другім Біт-фэсьце 1971 г. Памёр 30 студзеня 2013.
На галоўным фота: гурт «Алгарытмы» на Першым біт-фэстывалі, фота з газэты «Голас Радзімы» (1968)
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, матэрыялы з архіву аўтара.
*артыкул быў упершыню апублікаваны на Tuzin.fm да 45-годзьдзя Першага фэстывалю біт-ансамбляў
Варта лішні раз сказаць дзякуй рупліўцу Андрэю Скуратовічу за вяртаньне зьнішчанай (падавалася б) стужкі "Беларусьфільму" пра гэты фэст
Пару дадаткаў. Прабіваў фэст у кабінэтах КПБ і асабіста за яго адказваў другі сакратар ЦК ЛКСМБ Арсен Ваніцкі. Пасьля перамогі ў конкурсе "Альгарытмы" рабілі туры па СССР, а менэджарам (дырэктарам) выступаў Яўген Будзінас.
1. Стужка яшчэ з канца 90-ых захоўвалася ў саміх музыкантаў - Старыкава, Канавалава... Проста ў Сеціве зьявілася досыць нядаўна й дзякуючы Скуратовічу прайшло рэстаўрацыю.
2. Наконт "тураў па СССР" - гэта, напэўна, занадта. Перад фэстам пару разоў "А" езьдзілі ў Сыбір (з Будзінасам), адразу пасьля фэсту - у Грузію. Быў выступ у расейскім горадзе Іванава. Сам Канавалаў болей нічога з выездаў па-за Беларусь ня згадваў.
Віця, па тых часах гэта й былі супэр-туры :)
КАМЕНТАВАЦЬ