Генадзь Шостак: «Беларускамоўная поп-музыка набірае моц»
4501 / 0
01.07.2014

Генадзь Шостак: «Беларускамоўная поп-музыка набірае моц»

Экспэрт месяца на Tuzin.fm пра апошнія тэндэнцыі: беларуская нацыянальная папулярная музыка набліжаецца да эўрапейскіх стандартаў, паралельна засвойваюцца новыя стылістычныя прасторы, нашы музыкі балянсуюць на мяжы фольку і мэталу, фольку і панку, фольку і альтэрнатывы.

Па-шчырасьці, мне ўпершыню даводзіцца выказваецца ў якасьці экспэрта на Tuzin.fm. Паспрабую адпавядаць вядомай чэхаўскай максыме наконт сьцісласьці ды таленту і адзначу найперш тое, што прыйшлося даспадобы.

Што цешыць?

Найперш тое, што сёньня можна з поўным правам казаць пра беларускую нацыянальную — падкрэсьлю, беларускамоўную — папулярную музыку (да ліку зацятых прыхільнікаў якой я, прызнаюся, сябе не залічаю). Я бы нават сказаў, што беларуская нацыянальная папулярная музыка набліжаецца да эўрапейскіх стандартаў. А да расейскіх — што цешыць удвая — мае дачыненьне самае мінімальнае. Гэтая тэндэнцыя набірае моц. Яскравым таму сьведчаньнем могуць быць такія ўзоры жанру, як «Ніколі» Дзьмітрыя Нікановіча на музыку і словы Мікіты Найдзёнава, «Пачакай» Pauline ў аўтарскім выкананьні, «Кацярынка маладая» на музыку Рамана Козырава і словы Вячаслава Шарапава ў выкананьні ВІА «Песьняры» (эх, дзякуй за тое, што прабілі на настальгічную сьлязу), кліпы на кампазыцыі HandmadE  «Толькі разам», Аляксандра Рыбака «Небасхіл Эўропы», Navi «Абдымі мяне». А таксама часткова альбом «Аляксандры і Канстанціна» — «M1», калі, канечне, умоўна вылучыць «беларускамоўны блёк» ды пахерыць усё астатняе.

У фольку асабіста мяне па-добраму кранулі два альбомы — «Ethno Fantasia» Ірэны Катвіцкай, які пакінуў ужо чарт,  і «Traukamurauka» Kriwi. Цешыць і тое, што беларускія музыкі засвойваюць новыя стылістычныя прасторы і балянсуюць на мяжы фольку і мэталу, фольку і панку, фольку і альтэрнатывы ды да т. п. У гэтым сэнсе паказальныя вопыты гуртоў Litvintroll і Re1ikt. Асобна стаіць кліп на песьню R.U.T.A. «Batracka dola», галоўная думка якой вычарпальна выкладзеная і ў музыцы, і ў тэксьце, і ў відэашэрагу. Да слова, кампазыцыя гэтая стала па-добраму прароцкай для суседняй Украіны.

Выдатна, што ў Беларусі зьявіліся свае «кельты» — «Ceilidh Ceol» і «Ejrut». Шчыра спадзяюся, што на апошніх Tuzin.fm зьверне калі-небудзь увагу. А ансамбаль сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» для мяне заўжды быў і застаецца першым ды адзіным у тым кірунку, які ён прадстаўляе.

Кліп на песьню Green Pills «Шызафрэнія» стаў для мяне ўвасабленьне беларускай альтэрнатыўнай музыкі. Урэшце, спадабаўся альбом гурту Sciana «Мы застанемся», які літаральна разграмілі экспэрты.

Астатнія рэлізы, песьні і кліпы асаблівага ўражаньня на мяне ня мелі. Хаця калі абстрагавацца ад эмоцыяў, сымпатыяў ды густаў, з прафэсійнага пункту гледжаньня ўсё выканана на высокім узроўні. А значыць у беларускай музыкі — безадносна да жанраў і стыляў — вялікая будучыня!

Генадзь Шостак, для Tuzin.fm

Экспэрт Tuzin.fm Генадзь Шостак нарадзіўся 24.01.1964 у Берасьці. З 1974 да 1997 жыў ва Ўкраіне. Вучыўся ў музычнай вучэльні Курску (Расея) на аддзяленьні народных інструмэнтаў па клясе баяна (1981—1985), музычна-пэдагагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту (1985—1990). Працаваў настаўнікам сьпеваў у сярэдняй школе сяла Пятра-Паўлаўская Боршчагоўка (Украіна, 1990—1992), праходзіў асьпірантуру ў Нацыянальным пэдагагічным унівэрсітэце ў Кіеве (1992—1995), абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Музыка масавых жанраў як фактар фармаваньня музычнай культуры падлеткаў».

Аўтар двух навукова-мэтадычных дапаможнікаў «Музыка масавых жанраў і яе месца ў фармаваньні музычнай культуры падлеткаў» (Кіеў, 1997), «Масавыя музычныя жанры XX стагодзьдзя ў сыстэме музычна-эстэтычнага выхаваньня» (Берасьце, 2003). Аўтар навуковых артыкулаў па музычнай тэматыцы ў часопісах і навуковых зборніках Украіны, Літвы і Беларусі. З 2010 году аглядальнік музычнай літаратуры ў часопісах «Новое литературное обозрение» (Масква) і «Вышгород» (Талін). Пісаў для ўкраінскіх ды расейскіх выданьняў, друкаваўся ў беларускіх СМІ — «Музыкальной газете» (1997—2005) і часопісе «Hot 7» (2008—2009), вёў на «Радыё Брэст» аўтарскую праграму (2001—2003). Цяпер карэспандэнт парталу «Наш НеФормат» у Беларусі.