Першы ўдзельнік фэсту «Травень»: «Людзі на балоце» (аўдыё, відэа)
5214 / 0
28.03.2014

Першы ўдзельнік фэсту «Травень»: «Людзі на балоце» (аўдыё, відэа)

Арганізатары фэстывалю «Травень» пачалі прадстаўляць удзельнікаў маштабнага канцэрту 18 траўня ў клюбе «Мулен Руж». Першы выступоўца — гурт «Людзі на балоце», фольк-рокавая фармацыя з Горадні.

На «Траўні» гарадзенцы справяць якраз сваё трохгодзьдзе. «Людзі на балоце» паўсталі ў траўні 2011-га як акустычнае адгалінаваньне гурта «КальЯн». Першым канцэртам для новага праекту стаў выступ у межах акцыі «Тузін.Unplugged». Каманда хутка атрымала вядомасьць, паўдзельнічала ў шэрагу буйных фэстаў у Беларусі ды Польшчы, выдала вельмі ўдалы дэбютны альбом, які можна паставіць у адзін шэраг з геніяльным «Народным альбомам». Іх называюць галоўнай сэнсацыяй у беларускай музыцы ў 2012 годзе.

Са словаў лідэра гурта Алеся Дзянісава, матэрыялу ў «Людзей» для другога дыску больш чым дастаткова. Якраз у траўні пачнецца запіс новых песень. «Ніхто пра нашу будучую новую працу ўжо ня скажа, што яна закароткая, бо ў яе ўвойдзе больш за 20 песень. Альбом будзе падзяляцца ўмоўна на дзьве часткі — першая на вершы Дануты Бічэль, другая — Марыі Базылюк-Сасьнюк», — распавядае музыка.

Відэа: гурт «Людзі на балоце» прысьвяціў канцэрт 25 студзеня 2013 году памяці Юрыя Гуменюка. Музыкі перадалі частку грошай з канцэрту маці паэта. Відэа — nn.by

На «Траўні» гурт «Людзі на балоце» выступіць з 40-хвілінным сэтам. «Мы засьпяваем пару новых песен, але ня ўсе, бо хочам, каб хаця бы частка зь іх засталася незасьвечанай, дзеля сюрпрызу надалей. І так багата песен з новай праграмы ўжо разыйшлося па нэце». Гурт таксама можа сыграць цудоўнае пераасэнсаваньне песьні гурта «Аквариум», ня так даўно прэзэнтаваную на Tuzin.fm.

На фота: «Людзі на балоце» з прэзэнтацыяй дэбютнага альбому на канцэрце «Жывы Тузін» 17 кастрычніка 2012, клюб Loft

Гарадзенцы маюць багата прыхільнікаў у Менску. З кожным іх прыездам іх становіцца ўсё болей. Музыкі знаходзяцца дагэтуль пад уражаньнем ад канцэрту ў лістападзе. «Апошні менскі канцэрт нас вельмі ўсьцешыў. Былі людзі, якія ведалі словы новых песен і падпявалі. Я, шчыра кажучы, не вельмі спадзяюся, што новая праграма будзе ўспрынята публікай так, як старая. Але ў тым, што хаця бы частцы народу яна спадабаецца, я ўпэўнены!» — кажа Алесь.

«Травень» пройдзе на сцэне клюбу «Мулен Руж» 18 траўня. Яго ўдзельнікі будуць прадстаўляцца паступова на сайтах заснавальнікаў фэсту Tuzin.fm, Budzma.by і Graffiti.by.

Да 1 красавіка кошт уваходу будзе самым мінімальным — 70 000 руб. (без камісіі, толькі праз паб-клюб «Графіці»). Пасьля квіткі будуць каштаваць даражэй. Інфалінія фэсту «Травень»: 6384444 (мтс, velcom, life)

Tuzin.fm