f i s h t a n k. Новы беларускі пост-рок (аўдыё/відэа)
2329 / 0
15.05.2019

f i s h t a n k. Новы беларускі пост-рок (аўдыё/відэа)

Менскі пост-рокавы гурт прэзэнтуе на TuzinFM свае першыя запісы і дэбютны відэакліп.

Гурт fishtank (афіцыйна назва пішацца з прабелам пасьля кожнай літары — f i s h t a n k) на пачатку свайго шляху. Цягам году ўсталяваўся склад і музыкі далі некалькі жывых выступаў. Апошні адбыўся ў межах менскага тыдня дызайну. Яны граюць пост-рок, выкарыстоўваюць у песьнях дзьве мовы — ангельскую і беларускую. Але свой дэбютны відэаролік вырашылі зьняць на інструмэнтальную кампазыцыю. Кліп для музыкаў зьняў Уладзімер Дабрыян. Выйшла інтрыгоўна, відэа трымае ўвагу да канца.

Гурт заснаваў Яўген Петрашко. Некалі ён граў у гурце «Ваcилий», але музыкі неўзабаве разышліся, таму было вырашана пачаць усё з нуля пад новай назвай. Спачатку ў гурце быў басіст і бубнач, праз паўгоду прыйшоў гітарыст, два месяцы таму далучылася салістка, а тыдзень таму дадаўся яшчэ саксафаніст. Музыкі запісалі ўжывую на студыі Mapletree некалькі сваіх твораў ды зладзілі арыгінальную фатасэсію.

Удзельнікі fishtank кажуць, што пакуль знаходзяцца яшчэ ў пошуках уласнага гучаньня, таму паказваюцца рэдка — лічаць матэрыял сыраватым. Тым ня менш, яны прайшлі празь першы адбор на «Басовішча» і пакрысе набіраюць прыхільнікаў. У будучыні музыкі мараць выступіць у праграме Belsat Music Live, за якой пільна сочаць, ды сабраць вялікі клюб на сваім сольным канцэрце. Найбліжэйшы выступ каманды — на «Адборышчы» ў Менску 24 траўня ў клюбе «Berlin». Уваход на мерапрыемства будзе вольным. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM