Пераможца «Засьпявай 4x4» будзе названы на канцэрце фіналістаў (аўдыё)
6484 / 0
26.09.2017

Пераможца «Засьпявай 4x4» будзе названы на канцэрце фіналістаў (аўдыё)

Усе чатыры прэтэндэнты на перамогу выступяць на супольным канцэрце ў клюбе «ILI» 21 кастрычніка. Адмысловым госьцем будзе адзін зь пераможцаў мінулага конкурсу — гурт Leibonik. Квіткі ўжо ў продажы!

Фіналісты конкурсу маладых выканаўцаў прайшлі некалькі этапаў — праслухалі лекцыі ад адмыслоўцаў у музычнай сфэры і папрацавалі пры падтрымцы сваіх мэнтараў над песьнямі ўлетку, далі справаздачныя канцэрты, запісалі свае творы ў студыі і прэзэнтавалі іх слухачам на пачатку восені. Застаўся апошні этап — фінальны канцэрт, на якім будзе названы найлепшы з чатырох выканаўцаў. Пераможца атрымае грашовы прыз (1000 руб.) і здымкі кліпу ад рэжысэра Арцёма Лобача, які рабіў кліпы «J:Морс», Naka, Akute, The Toobes ды іншым беларускім выканаўцам. Журы конкурсу ацэніць гэтым разам вынікі адукацыйнай сэсіі «Засьпявай 4x4» і назаве выканаўцу, які найлепш выканаў творчую задачу і ўвабраў досьвед, атрыманы на лекцыях, майстар-клясах і ў студыі падчас конкурсу.

Канцэрт фіналістаў адбудзецца 21 кастрычніка ў менскім клюбе «ILI» пры падтрымцы аднаго зь пераможцаў мінулага конкурсу — гурту Leibonik.

На перамогу ў «Засьпявай 4x4» прэтэндуюць:

Гурт Helious Марыі Гаўрыленкі і Алiны Казачэнкі зь песьняй «Па неадступнасьці» на словы паэткі Ніны Лістоты. «У ёй распавядаецца пра крызіс паміж дзяўчынай і хлопцам, ці ўвогуле пра канец гэтых адносінаў. Яны завісьлі кожны ў сваім сусьвеце і ніяк ім адтуль ня выбрацца. І напэўна кожны зь іх чакае адно ад аднаго кроку, які ўратуе», — кажа Марыя. Дзяўчатам па 22 гады, яны вучацца ў Акадэміі мастацтваў. Разам выступаюць з 2016 году, калі заявіліся на конкурс фэсту «Бардаўская восень». Прадстаўляліся як дуэт Марыя&Аліна, але падчас навучальнай сэсіі «Засьпявай 4x4» узялі назву Helious.

Дзяўчаты з фольк-гурту «Малала» ўдзельнічалі ў фінале «Засьпявай 4x4» зь песьняй-жартам «Кавуны пасохлі», у якой спалучыліся словы народнай песьні і аўтарскі тэкст Юліяны Шырмы. Аўтарка лічыць, што сэнс гэтага твору актуальны як для мінулага, так і для сучаснасьці: «Кожная дзяўчына шукае каханьне, але яно ходзіць ня тымі сьцежкамі. І тады даводзіцца браць ініцыятыву ў свае рукі ды займацца пошукамі. Але дзе ўсе падзеліся? У песеньцы якраз даецца гумарыстычная парада на гэты конт», — кажа Юліяна. «Малала» заснавалі студэнткі беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2015 годзе. Іх творчасьць ужо адзначылі на некалькіх творчых конкурсах, а сёлета ў лютым у КЗ «Верхні горад» гурт даў першы сольны канцэрт.

Праект K3tyvana на чале зь беларускай сьпявачкай грузінскага паходжаньня Кетэван Асраташвілі ў межах сэсіі для фіналістаў «Засьпявай 4x4» падрыхтаваў песьню «Толькі джаз» на верш паэткі Дар’і Бялькевіч «Ня музыка». «Мы вырашылі зрабіць твор у модным цяпер кірунку, бо хочацца каб беларуская мова гучала крута і смачна, а галоўнае, каб яна была нормай, а ня рэдкасьцю», — кажа Кетэван. Акром яе ў праект уваходзяць 23-гадовы клявішнік Васіль Мельнічак, які задзейнічаны таксама ў ансамблі «Верасы», ды 27-гадовы ды-джэй Аляксандар Плют. Выступае праект і пашыраным жывым складам.

Прэтэндуе на перамогу ў «Засьпявай 4x4» таксама гурт  «Тутэйшыя» зь песьняй «Навучы мяне жыць». «Гэта песьня пра дзяўчыну, якая доўгі час была самотнай, чакала каханьне, але калі яго атрымала, то для яе стала незразумелым: як зь ім цяпер жыць. Бо бывае так, што ад каханьня пачынаеш залежыць, існуе вялікая спакуса ў ім цалкам растварыцца, а гэта не разьвівае цябе як асобу, а хутчэй наадварот, спыняе разьвіцьцё», — так прадстаўляе сваю песьню яе аўтарка Тацяна Казановіч, вядомая таксама і як паэтка. Яе гурт утварыўся ў 2014 годзе, грае ў стылях кантры, фольк-рок і поп-рок. Летась музыкі далі сольны канцэрт на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру.

НАБЫЦЬ КВІТОК

21.10. Клюб «ILI» (прасп. Незалежнасьці, 131/1). Канцэрт фіналістаў «Засьпявай 4x4». Пры падтрымцы Leibonik. Квіткі — 8 руб. (папярэдне), 12 руб. (у дзень).

TuzinFM