«Песьняры»: «Самае важнае галасаваньне ў глядацкай залі»
Гурт «Песьняры» з абсалютна новай песьняй «Кацярынка маладая» атрымаў перамогу ў 15 туры аўдыёчарту на Tuzin.fm.
На вяршыню Tuzin.fm «Кацярынка» ўздымалася паступова. Новы твор «Песьняроў» стартаваў у 14-м туры з трэцяга месца, а ў наступным ужо ўзьняўся на першую пазыцыю. Цікава, што значная частка галасоў за беларускі ансамбль прыходзіла з Расеі, дзе даволі моцны фан-клюб «Песьняроў», прычым усіх магчымых складаў (колькі гадоў таму на вяршыні аўдыёчарту некалькі тыдняў трымаліся «Беларускія песьняры»). Папулярнасьць падмацоўваецца пастаяннымі канцэртамі.
Кіраўнік «Песьняроў» Вячаслаў Шарапаў атрымаў ад нас віншаваньні зь перамогай ў «Тузіне» перад канцэртам у Берасьці. Адразу пасьля яго гурт выпраўляецца з выступам у Караганду. «Нам было цікава паўдзельнічаць у чарце і паглядзець як слухачы ўспрымуць нашу новую песьню. Хоць скажу шчыра, што для нас галоўнае галасаваньне — не ў сеціве, а ў глядацкай залі. Па наяўнасьці людзей на нашым канцэрце мы можам сапраўды меркаваць пра вынік сваёй працы. І гэта галоўны стымул творчасьці. Спадзяюся сустрэць на нашых канцэртах усіх тых, хто аддаваў свой голас за нашу песьню на „Тузіне“».
Цяпер «Песьняры» актыўна рыхтуюцца да адказнага канцэрту. Музыкі закрыюць XIV Нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі «Маладэчна-2014». 14 чэрвеня ў 21:00 у амфітэатры Маладэчна яны даюць гала-канцэрт, прымеркаваны да 45-годзьдзя ансамблю з фаервэркам пры канцы. Мяркуецца таксама, што БДА «Песьняры» будуць гасьцямі канцэрту-прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры», які адбудзецца ўвосень.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ