«Ладзьдзя роспачы» — анімаваны кліп гурта Dzieciuki (відэапрэм'ера!)
7415 / 7
23.06.2014

«Ладзьдзя роспачы» — анімаваны кліп гурта Dzieciuki (відэапрэм'ера!)

На Tuzin.fm — прэм’ера кліпа на новую песьню гурта Dzieciuki «Ладзьдзя роспачы», зроблены ў стылістыцы South Park. Музыкі лічаць яго сваім першым прафэсійным ролікам.

Гэтая песьня і кліп створаныя па матывах навэлы «Ладзьдзя роспачы» славутага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. У гурта Dzieciuki дагэтуль былі ўжо ролікі — на песьні «Мужыцкая праўда» і  «Частуханы», але менавіта «Ладзьдзю роспачы» музыкі лічаць сваім першым прафэсійным кліпам. Вакаліст каманды Алесь Дзянісаў кажа, што праца — калектыўная і складана выдзяліць кагосьці, акрамя Веры Cтомы, якой належыць сама ідэя кліпа і праца над ролікам. Відэа ўяўляе зь сябе кампутарную анімацыю ў стылі перакладкі. Цікава, што ў гэтым стылі зроблены вядомы мультсэрыял South Park.

«Мы паспрабавалі паэкспэрымэнтаваць з гучаньнем і песьня атрымалася не зусім падобная на тое, што мы рабілі раней: нейкая сумесь змрочнага рок-н-ролу з элемэнтамі кантры. Гэта не азначае, што мы будзем рухацца ў гэтым кірунку, але гэта сьведчыць яшчэ раз пра тое, што мы будзем экспэрымэнтаваць і надалей», — заўважае Алесь.

Словы песьні належаць Дзянісу Жыгаўцу, музыка — гурту. Дзяніс называе Dzieciuki ня проста музычным гуртом: «Гэта сваесаблівая арт-суполка людзей, што працуюць у розных накірунках мастацтва з мэтай папулярызацыі беларускай культуры. Dzieciuki — гэта таксама ўсе тыя, хто падзяляе нашыя жыцьцёвыя прынцыпы: свабоды, незалежнасьці ды патрыятызму. Адным з прыкладаў такіх людзей якраз зьяўляецца нашая сяброўка Вера Стома. Менавіта гэты чалавек стварыў лягатып гурта, а цяпер і гэты кліп».

Асноўную вакальную партыю ў творы «Ладзьдзя роспачы» выконвае Павал Трублін. Ён кажа, што гурт ужо цяпер працуе над яшчэ адным відэаўвасабленьнем сваёй песьні — «Сумнае рэгі». «Гэта ўжо будзе не анімацыя, а відэаролік», — кажа Павал. Прэм’ера наступнага відэа ад гурта  Dzieciuki можа адбыцца ўжо гэтым летам.

Прэм’ера на Tuzin.fm! Dzieciuki — «Ладзьдзя роспачы»

Дзяніс Жыгавец — словы

Павал Трублін — вакал, мэлёдыка

Аляксей Пудзін — акустычная гітара

Алесь Дзянісаў — банджа, вакал

Алесь Рацько — пэркусія

Андрэй Пятко — бас

Віталь Лявонаў — запіс ды майстарынг

Вера Стома — аўтар ідэі, мастачка, анімацыя

Дар'я Сугака — анімацыя

Вялікі дзякуй: Сяргею і Тацяне Стомам, а таксама Ўладзімеру Караткевічу!!!

КАМЕНТАРЫ:

  • Мікалай Тамашэвіч
    Мікалай Тамашэвіч / адказаць
    23.06.2014 / 15:55

    Выдатна!

  • Мікалай Тамашэвіч
    Мікалай Тамашэвіч / адказаць
    23.06.2014 / 15:56

    Думаю, трэба ўводзіць у відэа-чарт.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.06.2014 / 16:42

    Абавязкова, але ўжо з наступнага музычнага сэзону

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.06.2014 / 18:38

    Як каму кліп - расказвайце!

  • bulbanik / адказаць
    23.06.2014 / 22:00

    кліп на аматара такога кшталту ролікаў.
    здзівіла, што песня занадта сумная, нібыта ўзятая з той самай ладдзі роспачы да прыходу туды гервасія вылівахі.
    ладдзя роспачы - гэта ж гімн жыццялюбству, таму чакаў адапаведную жыццясцвярджальную мелодыю, якія ў гурта дзецюкі дагэтуль атрымліваліся лепей за ўсіх астатніх. дзецюкі без пульсуючай энергіі - ўжо крыху іншы гурт

  • Źmicier Masloŭski
    Źmicier Masloŭski / адказаць
    23.06.2014 / 23:25

    Кліп цікавы, але на адзін раз - пераглядаць - жаданьня няма.
    А вось песьня здзівіла. Зьяўляюсь вялікім аматарам гурта Дзецюкі, але каб пачуў гэтую песьню без папярэдняй інфармацыі пра яе, то ніколі бы не падумаў, што яна належыць шаноўным гарадзенцам.
    Як заўжды - словы моцныя і ўзнёслыя - тое, што зараз неабходна дзеля ўздыма нацыянальнай сьвядомасьцьці беларусаў.
    Дзякуй аўтарам і выканаўцам песьні і кліпа. Так трымаць!

  • Алексей Комарикинский
    Алексей Комарикинский / адказаць
    24.06.2014 / 01:20

    добрыя словы родная мова .. вось яно то што патрэбна

  • КАМЕНТАВАЦЬ