Паша Трабл: «Вельмі дрэнна, калі з гісторыі ня робяць высноваў» (відэа)
3584 / 0
06.03.2017

Паша Трабл: «Вельмі дрэнна, калі з гісторыі ня робяць высноваў» (відэа)

Кліпам месяца паводле галасаваньня наведнікаў Tuzin.fm у лютым стаў ролік на песьню «Лясныя браты» гурту Dzieciuki. Камэнтар з нагоды перамогі ад вакаліста гарадзенскай каманды Пашы Трабла.

Відэа на песьню «Лясныя браты» было зьнятае яшчэ ў 2014 годзе, але ў наш відэачарт трапіла толькі ў гэтым сэзоне. У папярэдніх галасаваньнях бралі ўдзел іншыя ролікі каманды — «Сумнае рэгі» (2014—2015) і «Ладзьдзя роспачы» (2015—2016). Кліп Антона Цялежнікава «Лясныя браты» набраў у 5-м туры галасаваньня 259 галасоў, што дазволіла ім фінішаваць на першым месцы.

Адзін з вакалістаў каманды Паша Трабл прызнаецца, што для яго навіна пра перамогу сталася поўным сюрпрызам, бо за галасаваньнем не сачыў, хоць некаторыя з кліпаў бачыў. Асабліва ён вылучае відэа на песьню Лявона Вольскага «Цёплае мінулае». Адносна актуальнасьці роліку-пераможцы Паша зазначыў: «Канечне, там апісваюцца падзеі мінулага, іншыя абставіны і самі людзі былі трошкі іншымі. Але гісторыя дае нам магчымасьць рабіць высновы і аналізаваць, каб падобныя рэчы не паўтараліся. І вельмі дрэнна, калі людзі не разумеюць гэтага».

Пасьля перамогі ў чарце на Tuzin.fm «Дзецюкі» прыехалі ў Менск, каб падтрымаць абаронцаў Курапатаў. Гурт таксама ўзяў удзел у здымках аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live. Выданьне зь іхным удзелам выйдзе ў этэр на Дзень Волі, 25 сакавіка.

Tuzin.fm