
Зьміцер Вайцюшкевіч: «Дзякуючы „Песьнярам“ я стаў беларусам» (аўдыёпрэм’ера!)
У межах праекту «Re:Песьняры» Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе сваю вэрсію славутага гіта пра Вераніку, які ўжо атрымаў высокую адзнаку, як ад аўтара Ігара Лучанка, так і саміх удзельнікаў залатога складу «Песьняроў».
«Вераніка» — адна з самых вядомых песень у рэпэртуары «Песьняроў». Яе напісаў кампазытар Ігар Лучанок на словы Максіма Багдановіча ў 1974 годзе. Упершыню ансамбль яе запісаў годам пазьней, а выдадзеная яна была ў 1978 годзе на кружэлцы-гіганце «Ігар Лучанок» фірмы «Мэлёдыя». У першай вэрсі саліраваў Леанід Барткевіч, у розных складах ансамблю гэтую песьню таксама сьпявалі Ігар Пеня, Вадзім Касенка, Валер Скаражонак. Менавіта яе для выкананьня ў праекце «Re:Песьняры» абраў Зьміцер Вайцюшкевіч.
«Дзякуючы „Песьнярам“ я наогул стаў беларусам, мяне пераключыла на гэтае разуменьне падчас іх канцэрту ў доме афіцэраў у Лідзе ў 1987 годзе», — кажа Зьміцер. Ён нават памятае пасьля якога канкрэтна нумару адбылося перанараджэньне — «Мой родны кут» на словы Якуба Коласа. Таксама сярод улюбёных рэчаў з рэпэртуару ансамблю Мулявіна ў Зьмітра «Марыся», якую ён ужо выконваў на канцэрце памяці Мулявіна ў 2011 годзе. І безумоўна — «Вераніка».
Вайцюшкевіч лічыць Мулявіна за настаўніка. «Мне пашчасьціла зь ім бачыцца і вітацца ў тыя часы калі я быў у складзе „Палацу“ і Kriwi. Хоць мы і не знаходзіліся ў блізкіх адносінах, але паўплываў ён на мяне моцна!» Той уплыў найбольш заўважны ў праграме выканаўцы на вершы Ўладзімера Маякоўскага. Перасьпеў «Веранікі» — даніна павагі творчасьці беларускага гурта №1.
«Гэта адна з самых прыгожых песень. І адна з самых складаных у выкананьні. Пераплюнуць яе ў вакальным пляне проста немагчыма і такой задачы не было. Мы пераказалі гэтую гісторыю на свой лад, зьмяніўшы рытм. Нібы лірычны герой вяртаецца на радзіму ня зь Ялты ці Піцеру, а з Парыжу, гораду каханьня. Так выглядае з нашай музыкі», — кажа пра сваю задуму сьпявак. Ва ўвасабленьні гэтай ідэі яму дапамагалі Канстанцін Гарачы (фартэпіяна), Вячаслаў Сяргеенка (кантрабас), Віктар Паўлючэня (акардыён), Віталь Ямуцееў (саксафон).
На праслухоўваньні праекту ўдзельнікі залатога складу «Песьняроў» Анатоль Кашапараў, Валер Дайнэка, Уладзіслаў Місевіч, Уладзімер Ткачэнка адзінагалосна ўхвалілі гэтую інтэпрэтацыю.
Сваю вэрсію славутай кампазыцыі Зьміцер Вайцюшкевіч прысьвячае Вераніцы Кругловай, Вераніцы Эрыксан ды ўсім тым, хто мае гэтае прыгожае імя.
Зьміцер Вайцюшкевіч — Вераніка (музыка Ігара Лучанка, словы Максіма Багдановіча, апрацоўка 2014 году Зьмітра Вайцюшкевіча). Зьмяшчаецца з асабістай згоды Ігара Лучанка.
Tuzin.fm
I зноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлi.
Там сьцены мохам парасьлi,
Вясёлкай адлiвалi шыбы.
Усё ў пылу, i стала мне
Так сумна-сумна ў цішыні…
Я ў сад пайшоў — там глуха, дзiка,
Усё травою парасло…
Няма таго, што раньш было…
Няма таго, што раньш было,
I толькi надпiс «Веранiка»
I толькi надпiс «Веранiка»
На лiпы ўрэзаны ў кары.
Казаў вачам аб тэй пары:
Расьці, ўзмацовывайся дрэва,
Як манумэнт жывы ўставай
I к небу надпiс падымай,
Хай нерухомы словы сьпеваў
Чым болей сходзiць дзён, начэй,
Тым iмя мiлае вышэй… Няма таго, што раньш было…
Няма таго, што раньш было,
I толькi надпiс «Веранiка»
I толькi надпiс «Веранiка»
Чым болей сходзiць дзён, начэй,
Тым iмя мiлае вышэй…
Чым болей сходзiць дзён, начэй,
Тым iмя мiлае вышэй…
Вераніка!
КАМЕНТАВАЦЬ