Das Дзед-Барадзед
15030 / 0
11.11.2013

UltraВожык адшукалі Дзеда-Барадзеда

Праект UltraВожык узяў за абавязак выдаваць па інтэрнэт-сынгле на год. Новы твор ад таямнічага праекту, які завецца «Das Дзед-Барадзед».

Апошнюю песьню праект прадставіў у «Тузіне Гітоў» у 2009 годзе. На пытаньне, чым займаліся музыкі пасьля прэзэнтацыі «Клёва касманаўту!» Пётар Адамавіч, Яўген Шафа-Ўругвайскі і сабачка Ібрагім кажуць: «Выключна крымінальнай дзейнасьцю, бо на музыку не было грошай». Сродкі на запіс усё ж знайшліся на пачатку году — музыкі запісалі новы твор «Das Дзед-Барадзед» — інтэрпрэтацыю дзіцячай песенькі, якая ў гэты раз нагадвае вядомы гіт Rammstein «Mein Herz Brennt», што ў сваю чаргу таксама рабіўся са спасылкай на пэрсанажа зь дзіцячай тэлепраграмы. Песьня зьявілася дарэчы яшчэ і з той нагоды, што праграма «Калыханка» ў студзені адзначае сваё 30-годзьдзе.

«Мы лічым Дзеда-Барадзеда сапраўднай поп-зоркай і ўвогуле адной з найбольш уплывовых постацей у гісторыі беларускай культуры. На пачатку 90-х яго супэргіт стаўся народным гімнам ва ўсіх дзіцячых садках краіны. Яго сьпявалі ва ўвесь голас нават тыя, хто яшчэ не навучыўся размаўляць, а партрэты і бюсты Барадзеда стаялі ў кожнай прыбіральні і на стале кожнага чыноўніка. Потым Дзед-Барадзед нечакана для ўсіх зьнік з экранаў нашых тэлевізараў. Куды? Гэтае пытаньне хвалявала значную частку беларускага і агульнасусьветнага грамадзтва амаль дваццаць гадоў. За гэты час было агучана шмат вэрсіяў яго зьнікненьня», — кажуць удзельнікі гурта і сьцьвярджаюць, што правялі ўласнае расьсьледаваньне з гэтай нагоды:

«Па адной з вэрсіяў, Барадзед у сярэдзіне 90-х пайшоў у шэрую камэрцыю, гандляваў у Маскве сьнікерсамі і нафтай, паступова ператварыўшыся ў алігарха. Іншыя казалі, што ён зьмяніў пол і колер скуры, зрабіўся фотамадэльлю і сваёй шыкоўнай барадой здабыў сабе вялікую вядомасьць у Конга, Монтэнэгра і Галівудзе. Нехта быў упэўнены, што Дзед-Барадзед выйшаў на пэнсію, зьбіраў бутэлькі, але хутка „адкінуў капыты“ з-за недахопу вітамінаў у батоне і кефіры. Іншыя лічаць, што Дзеда-Барадзеда ўвогуле ніколі не было, што ён на самой справе анучавая цацка. А вось беларуская палітычная апазыцыя дасюль сьцьвярджае, што Дзеда-Барадзеда нібыта зьнішчыў адмысловы эскадрон сьмерці за яго актыўную грамадзянскую пазыцыю, бо лічылася, што дзед быццам ня проста так „xадзіў па белым сьвеце“, а на амэрыканскія гранты разьяжджаў па заходніх краінах і распавядаў там, як дрэнна жыць у Беларусі. Найбольш фанатычныя яго прыхільнікі пачалі нават выстройвацца на вуліцах у ланцугі, трымаючы ў руках яго партрэт з надпісам „ДЗЕ?“. Але гэта — непаразуменьне, бо мы гэтага дзеда самі нядаўна бачылі жывога і здаровага ў Нямеччыне. Там мы яго і завербавалі. За бутэльку «Крыжачка» і бутэрброд дзед пагадзіўся зноў выканаць свой супэргіт. Але ў нас ёсьць падазрэньне, што «Крыжачок» з бутэрбродам да дзеда так і не даехалі, бо ў той жа вечар сабачка Ібрагім прыйшоў дамоў пузаты ды п’яны і моцна лаяўся, кажучы, што ня ведае ніякага дзеда, і што ўвогуле мы ўсе фашысты ды каты. Як бачым, за гэтыя гады Дзед-Барадзед амаль зусім не зьмяніўся. Голас усё той жа — бадзёры, добры. Толькі вывучыў некалькі штодзённых нямецкіх фразаў, кшталту „geben Sie mir bitte“».

На пытаньне, чаму менавіта цяпер вырашылі зрабіць новую песьню, «Вожыкі» патлумачылі, што жывуць цяпер у хаце бабулі Пятра Адамавіча, бо больш няма дзе. Пётар Адамавіч кажа: «Там была дрэнная творчая атмасфэра, бо бабуля ўвесь час грукатала рондалем ды крычала, што мы гультаі ды п’яніцы, і што нам трэба працу шукаць, а ня граць тут усялякага „ца-ца“».

«Але нарэшце мы прыдумалі, як яе выжыць з хаты», — працягвае Яўген. — «Мы падрабілі квіток на канцэрт Rammstein, бабуля ўзрадавалася ды паехала ў Нью-Ёрк, а мы адразу ўзяліся за музыку. Але калі выявілася, што білет сфальсыфікаваны, яе адразу дэпартавалі ў Мэксыку. Там яе абрабавалі, а ў нас зьявілася яшчэ больш часу для творчасьці».

Са словаў музыкаў, у Менск бабуля вярнулася на танкеры з Вэнэсуэлы, схаваўшыся ў бочцы з нафтай. Даведаўшыся, што ў горадзе якраз адбываецца дэманстрацыя супраць фальсыфікацыяў, узрушаная і абураная фальсыфікацыяй свайго білета яна пабегла на плошчу Незалежнасьці і пачала там брутальна зьбіваць АМАПаўцаў ды ламіцца ў дзьверы Дома ўраду. Потым бабуля гераічна адседзела 15 сутак за тэрарызм і ў ня вельмі добрым настроі вярнулася дахаты.

Урэшце «ўльтравожыкам» прыйшлося трохі кампэнсаваць ёй маральныя страты, зрабіўшы ёй прыватны канцэрт a-la Rammstein з адзінай сваёй песьняй у гэтым стылі — «Das Дзед-Барадзед». Кажуць, што бабульцы спадабалася, але яна ўсё роўна паставіла іх у куток, дзе яны дагэтуль і знаходзяцца.

UltraВожык — Das Дзед-Барадзед (музыка — Леанід Захлеўны, словы — Артур Вольскі).

Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Тузін Гітоў, 24.01.2011

Тэгi: