
«Бясконцы красавік» Паліны Рэспублікі (аўдыёпрэм’ера)
Акурат на сваё 21-годзьдзе, напярэдадні выхаду новага альбому «Бясконцы красавік», Паліна Рэспубліка прадстаўляе на Tuzin.fm фактычна загалоўны трэк з будучага дыску — «Красавік».
Песьня «Красавік» — добравядомая ўсім тым, хто быў на канцэртах Паліны Рэспублікі. Безь яе выкананьня не абыходзіцца ніводны выступ сьпявачкі ўжо цягам шасьці гадоў. «Я напісала гэтую песьню яшчэ ў 15 гадоў і ў ёй апавядаецца пра тое сьветлае пачуцьцё, якое пакідае ў юнацтве толькі добрыя ўспаміны і надзею на лепшае», — распавядае аўтарка.
Кампазыцыя запісаная на студыі «Бегемот» у Аляксея Зайцава адмыслова да дэбютнага альбому. Аранжыроўку зрабіў Уладзь Пыльчанка, гітарыст жывога складу Паліны. У запісе ўдзельнічалі таксама Джэймз Глюк (бас), Юры Мартынаў (бубны), Аляксандра Аляксюк (віялянчэль). Сьпявачка вырашыла прадставіць трэк у выглядзе самотніка акурат на свой дзень народзінаў — 8 красавіка ёй спаўняецца 21 год. «Цяпер можам з пэўнасьцю сказаць: альбом, які так доўга ўсе мы чакалі, урэшце рэшт запісаны і хутка пабачыць сьвет, — кажа Паліна. — Дыск завецца „Бясконцы красавік“ , а яшчэ я яго ідэнтыфікую, як „8.4“, што па-сутнасьці азначае тую самую бясконцасьць красавіка, колькасьць песень у альбоме — 8 электрычных і 4 акустычныя — і дату маіх народзінаў».
Жывая прэм’ера альбому «Бясконцы красавік» пройдзе 15 траўня ў Менску, у культурнай прасторы «Studio 67» (Партызанскі праспэкт, 2а). Квіткі ўжо ў продажы ў касах Kvitki.by і он-лайн.
Паліна Рэспубліка — Красавік (музыка і словы Паліны Рэспублікі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Красавік месяц прыйшоў
Абарваў каляндар менш паловы лістоў
Зьмянілася нешта ў прыродзе
А люты неяк усё не сыходзіць
Аўторак, чацьвер, серада
Ня варта які дзень — сутнасьць адна
Дзе ты?
Дзе я?
Прыпеў:
Мне казалі, што ўсё зьменіцца
Толькі год ці два, ды ўжо ня верыцца
Мне казалі, будзе лепшы час
Толькі для каго? Толькі не для нас
Трэба забываць, трэба крэсьліць усё
Проста вам казаць: «Забівай любоў»
Буду сумаваць ноччу, трошкі днём
Не магу пакуль інакш, не магу ды ўсё.
А ці ёсьць сэнс не кахаць
Не ўздыхаць вельмі цяжка ды не чакаць он-лайн
Я, напрыклад, лічу, што няма
І сінія вочы буду шукаць
У натоўпе людзей ды ўспамінаць часьцей
Той час, калі ўзімку квітнела зямля.
КАМЕНТАВАЦЬ