Лета
3783 / 0
17.09.2015

Teleport. Сюрэалістычнае лета 2015-га (аўдыё)

Гурт Teleport прадстаўляе песьню «Лета» — адну з разынак дэбютнага альбому «Maukliva». Трэк дарагі музыкам асабліва тым, што зусім непадобны да таго, што граюць іх калегі.

«Лета» нарадзілася падчас студыйнай імправізацыі гурту. «Мы гралі ды спантанна выкручвалі ручкі на сынтэзатары і блёку гітарных эфэктаў і адчулі пэўны сюрэалізм гучаньня. Пад гэтую музыку напісалі такі ж сюрэалістычны тэкст, паклаліся словы проста ідэальна, а вакал запісалі на рарытэтны дыктарскi мiкрафон „Актава“ 1961 году выпуску. Такім і выйшла наша „Лета“», — распавядае вакаліст гурта Яўген Цярэнцьеў. Удзельнікі гурта лічаць, што такі своеасаблівы перагружаны далёкi вакал тут iдэальна пасуе да нястрымнай энэргii самой песьнi. І менавіта яе прапаноўваюць у чарт на Tuzin.fm — як асабліва дарагі сэрцу твор. «А дарагі ён нам тым, мабыць, што непадобны на тое, што граюць нашы калегі», — сьмяецца Яўген.

Гурт не спыняе экспэрымэнты над сваім гучаньнем. Пагатоў, здарылася нагода — фэстываль «Бардаўская восень — 2015». Выступ Teleport у акустыцы адзначылі ўсе сябры журы на адборачным канцэрце, і гурт трапіў у сьпіс удзельнікаў конкурсу на 22-м фэсьце аўтарскай песьні ў Бельску Падляскім. Акром таго, музыкі актыўна падаюць заявы на іншыя фэсты — сярод іх MENT у Любляне. І не забываюцца пры гэтым працаваць над новымі песьнямі.

TeleportЛета (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Кожны знайшоў

Рэха сваё

Лета сваё

Адзін аднаго

 

Пытаньне сьціхае

Сьвет замірае

 

Захад на ўсход

Час жоўтых зор

Месяц зайшоў

Госьцем на год

 

Мэта зьнікае

Канец пачынае