То ня дудка
12568 / 2
30.09.2015

«Крамбамбуля»: «Сытуацыя змушае быць сур’ёзнымі» (аўдыёпрэм’ера)

Праект Лявона Вольскага прадстаўляе новую песьню з будучага альбому «Чырвоны штраль», якая зусім нехарактэрная для іхнага рэпэртуару.

«За сваю гісторыю „Крамбамбуля“ была глямурнай, была дуракаватай, а цяпер сытуацыя прымусіла нас стаць больш сур’ёзнымі», — тлумачыць Лявон Вольскі настрой новай песьні «Крамбамбулі», якая завецца «То ня дудка». Менавіта яна будзе адчыняць альбом «Чырвоны штраль», якім музыкі разьвітваюцца з публікаю. «Гэта песьня кшталту прадмовы, уводзінаў у тэму. Яна пра тое, што сёньня мы адтапырваемся, а заўтра можа трэба будзе ісьці змагацца за родны край», — кажа Лявон.

Выглядае, што Вольскі з калегамі па «Крамбамбулі» запісалі рэліз, больш падобны стылістычна і настраёва да ранейшага праекту Лявона — ZET. «Чырвоны штраль» прадстаўляецца як «альбом партызанскіх песень». У яго стварэньні бралі ўдзел усе музыкі «Крамбамбулі», запісваўся ён у Вільні на студыі «Ymir-audio» пры дапамозе нарвэскага саўндпрадусара Снорэ Бэргеруда, які працаваў ужо над сольным альбомам Вольскага «Грамадазнаўства».

Прэм'ера песьні на SoundCloud               Official lyric video на Youtube

Канцэртная прэзэнтацыя альбому «Чырвоны штраль» пройдзе ў Вільні 7 лістапада. Падрабязнасьці — у падзеях FB/УК.

Крамбамбуля — То ня дудка (музыка і словы Лявона Вольскага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

 

Tuzin.fm

Грайце ж вы гучней, музыкі,

Вытрасайце з нас душу!

Вогнішча палае зырка,

Не заліць яго дажджу.

Сёньня ў нашай хаце сьвята.

Наша хата — лес густы.

Для чужых мы ўсе вар’яты,

Для сваіх мы ўсе браты.


Ой, зайграйце ж вы, музыкі!

Ой, зайграйце — гоп-ца-ца!

Уначы ў гушчарах дзікіх

Будзем разьнявольвацца.

Будзем танчыць вальс і польку,

Выпіваць і падпяваць,

А як сонца ўзыйде, зноўку

Пойдзем разам ваяваць.


То ня дудка гучыць, не жалейка,

То вінтоўка мая, трохлінейка.


Танчыць, танчыць лес кашлаты,

Танчыць елка з хваіной,

Танчаць хлопцы і дзяўчаты,

Танчу я і ты са мной.

Не спыняйцеся, музыкі,

Не сьціхайце да відна!

А як толькі сонца ўзыйдзе,

Зноў чакае нас вайна.

То ня дудка гучыць, не жалейка,

То вінтоўка мая, трохлінейка.

КАМЕНТАРЫ:

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    01.10.2015 / 10:29

    крутацень!

  • Віктар Сямашка / адказаць
    01.10.2015 / 12:01

    "То ня дудка нучыць, не жалейка,
    То вінтоўка мая, трохлінейка" - цытата з народнае песьні. Гэтыя радкі таксама колісь выкарыстаў паэта Алесь Гарун.

  • КАМЕНТАВАЦЬ