Ты абяцала (Васількі)
7840 / 0
21.01.2016

Haina. Марнасьць абяцаньняў (аўдыё)

Гурт Ільлі Паплёўкі прадстаўляе ў чарце на Tuzin.fm самую забойную песьню з свайго дэбютнага альбому «Прыцягненьне».

«Апошнім часам мы прывучылі сваіх слухачоў да драматычных і эмацыйна напружаных кампазыцыяў, таму вырашылі прадставіць трэк, які першапачаткова быў задуманы як жарт», — кажа вакаліст гурта Ільля Паплёўка. Твор гурта Haina, які возьме ўдзел у чарце на Tuzin.fm мае двайную назву: музыкі пазначылі яго як «Ты абяцала», але калі дазналіся, што прыхільнікі называюць песьню «Васількамі», то дадалі яе ў дужках.

«Ты абяцала» ўвайшла ў дэбютны альбом «Прыцягненьне», які пабачыў сьвет у сьнежні 2015-га. У ім нямала трэкаў, вартых увагі. Як, напрыклад, «Дыхаць», які ўдзельнічаў і перамагаў у нашым аўдыёчарце ў сэзоне 2014/2015, а таксама ўвайшоў у складанку «Сёмы Прэм’ер Тузін». Але музыкі сёньня менавіта «Васількі» называюць сваёй «самай забойнай песьняй».

Ужывую гэты твор можна пачуць 18 лютага ў клюбе TNT на прэзэнтацыі альбому «Прыцягненьне». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Haina — Ты абяцала (Васількі), музыка і словы гурта. Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Васількі сабраў уздоўж той ракі,

Дзе мы распачыналі.

Пакажы месца на зямлі,

Дзе мы можам быць разам.

 

За вакном імжыць, і прыкра ў душы,

Бо зноў застаўся адзін, а ты

Падкажы, чым прывабліваць дні, дзе мы

Разам і назаўжды.

 

Прыпеў:

Ты абяцала ўсё нават тое, чаго

Я цябе не прасіў абяцала.

Каб за адведзены час душу паланіць

Гэта ўсё, гэта ўсё злыя чары.

Ты абяцала так шмат, але словы нішто,

калі рвуцца яны на кавалкі.

Ты абяцала вясну, абяцала красну

Гэта ўсё, гэта ўсё — злыя чары.

 

Гнёзды застаюцца пустымі, калі птушкі адлятаюць у вырай

Зьбіраюцца ў свае доўгія птушыныя зграі і маршрут трымаюць у цёплыя краіны.

Кажуць, вяртацца ніколі ня позна, а шчасьце можна збудаваць па кроках,

Але што нам з табою ад гэтае парады, калі ўвесь час чагосьці не хапае.