Vuraj і Ўладзімер Казлоў запісалі ўлюбёную песьню Рыгора Барадуліна (прэм’ера)
Народны сьпеў з Вушачаў «Ой, лятала», які вельмі любіў Народны паэт і яго маці Акуліна Андрэеўна, загучаў у фольк-рок аранжыроўцы дзякуючы Сержуку Доўгашаву.
«Ой, лятала» — апошні самотнік з будучага альбому-прысьвячэньня Рыгору Барадуліну «Песьні матчыны з Вушаччыны», які задумаў запісаць Сяржук Доўгушаў разам з шэрагам беларускіх музыкаў. У гэтым сьпеве да ягонага гурту Vuraj далучыўся вакаліст гурта Re1ikt Уладзімер Казлоў. «Для нас гэта вялікая адказнасьць і гонар несьці ў сьвет такі матэрыял. Гэта народная песьня з родных паэту Вушачаў. Ведаю, што гэта быў улюблёны сьпеў, як самога Рыгора Барадуліна, так і яго маці Акуліны Андрэеўны», — кажа Сяржук і дадае, што ўдзячны лёсу за тое, што быў знаёмы з паэтам — ён быў некалькі разоў з гуртом у яго ў гасьцях, сьпяваў паэту вушацкія песьні.
Студыйная вэрсія «Ой, лятала» зроблена на студыі BAH records. За зьвядзеньне адказваў Андрэй Багданаў, за майстэрынг — Павал Сініла. Музычны праект, прысьвечаны памяці Барадуліна прэзэнтуюць ужывую 24 лютага 2017 году ў вялікай залі філярмоніі.
Прэм'ера на Soundcloud
Vuraj і Ўладзімер Казлоў — Ой, лятала (музыка гурта, словы народныя). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Ой, лятала шэра перапёлка
Ды па чыстым полю…
Ой, лятала.
Ой, шукала шэра перапёлка
Сваiх дробных дзетак…
Ой, шукала.
Ды не знайшла шэра перапёлка
Сваiх дробных дзетак…
Ды не знайшла.
Толькi знайшла ды яна мясьцечка,
Халодна гнязьдзечка…
Толькi знайшла.
Ой, хадзiла горкая сiротка
Ды па чыстым полю…
Ой, хадзiла.
Ой, шукала горкая сiротка
Сваiх татку з мамкай…
Ой, шукала.
Ды не знайшла горкая сiротка
Сваiх татку з мамкай…
Ды не знайшла.
Толькi знайшла ды яна крынiцу
Сьцюдзёну вадзiцу
Толькi знайшла
КАМЕНТАВАЦЬ