«Краіна ізноў у бядзе!». Беларускамоўны дэбют «Дай дарогу!» (аўдыё)
Вядучая панк-каманда краіны прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm свой першы за 18 гадоў існаваньня твор, запісаны па-беларуску — «Ня веру».
Лідэр «Дай дарогу!» Юры Стыльскі прызнаецца, што ў сваёй новай песьні яму закарцела выказацца наконт таго, што адбываецца наўкол. «Я хацеў сказаць, што больш нікому нельга даваць веры, што не існуе ніякай салідарнасьці і ўзаемадаверу ў нашым грамадзтве. Нашае грамадзтва літаральна раскладаецца, а людзей скаваў страх. Прысьпеў смутны час, калі маўчаць ужо не выпадае!» — заявіў музыка з нагоды прэм’еры свайго трэку.
«Падобныя з пасылу песьні ў нас былі і раней, але па-расейску. Ну і на трасянцы зрэдчас пяялі, але чыста па-сьцёбу. Цяпер жа сасьпеў да таго, каб выказацца па-беларуску ўсур’ёз — падумаў, што такім чынам можна канкрэтна дагрукацца да слухача. На беларускамоўнага паліглёта я не прэтэндую — у школе меў тройку па беларускай, але наша мова — у нашай крыві. Пісаў пакрысе, са слоўнічкам», — распавёў у камэнтары для Tuzin.fm Юры Стыльскі і прызнаўся, што яму было бы прыемна свабодна валодаць беларускай мовай: «Было бы проста здорава, каб беларусы, як і ўкраінцы, спакойна пераключаліся з расейскай на сваю родную мову. На жаль, у нас пакуль сытуацыя ў гэтым пляне цяжкая».
«Ня веру» ўпершыню прагучала на прэміі «Даём рады — 2016» у Менску пры канцы лютага, пасьля чаго гурт уключыў яе ў свой канцэртны трэк-ліст і зайграў падчас канцэртаў у Расеі. «Наш экспэрымэнт прынялі добра. Ведаю, што шмат хто чакаў гэтага ад нас ужо даўно. Як толькі абвяшчаю на канцэрце, што напісаў першую песьню на сваёй родной мове, дык усе фоцікі дастаюць ды крычаць, як ненармальныя. Выдатна запальваюць, карацей, падчас яе выкананьня».
Юры Стыльскі кажа, што песьняй «Ня веру» яго экспэрымэнты зь беларускай мовай не абмяжуюцца. Працяг абавязкова будзе.
Песьня гурту «Дай дарогу!» бярэ ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm з 9-га туру.
Дай дарогу! — Ня веру (аўтар словаў і музыкі Юры Стыльскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Аляксандра «Tarantino» Ждановіча
Ратуйце дарагiя і больш няма ні часу —
Крынiцы ўжо сухiя, памерлі ўсе запасы,
Патрэскалася вера, счарпалася надзея
Усё высахла каханьне, дарэмныя чаканьні.
Ня веру, ня веру, ня веру табе!
Малюй сабе зоркі на бруднай вадзе!
Пішы хоць алмазным пяром на слупе —
Краіна ізноў у бядзе
Панурыя, сьляпыя — надзея ўся на Бога.
На стомленыя твары вяртаецця трывога.
Што я яшчэ павінен і чым абавязаны,
Калі ж залева пойдзе, калі ж загоiць раны.
Патрэскалася вера, счарпалася надзея
Усё высахла каханьне, дарэмныя чаканьні.
Ня веру, ня веру, ня веру табе!
Малюй сабе зоркі на бруднай вадзе!
Пішы хоць алмазным пяром на слупе —
Краіна ізноў у бядзе
Юры, давай яшчэ!
КАМЕНТАВАЦЬ