
Лявон Вольскі: «Наша нацыя не памерла насуперак прагнозам» (аўдыё)
У аўдыёчарце на Tuzin.fm бярэ ўдзел новая вэрсія шэдэўру беларускага року — песьня «Зямля», якую Лявон Вольскі выканаў разам з «25 АББА-Аркестр».
Песьні «Зямля» ўжо 27 гадоў. Лявон Вольскі, які быў на той час клявішнікам і вакалістам гурта «Мроя», згадвае, што напісаў яе літаральна за 20—30 хвілін. «Мы гралі недзе канцэрт, здаецца, у Быхаве. Прыехалі дадому, я быў нявыспаны і затарможаны. Вырашыў удзень крыху паспаць, бо потым трэба было ісьці на дзень гораду — сустракацца зь сябрамі, кантактаваць і весяліцца. І тут раптам ні з пушчы ні з поля на мяне пачалі сыпацца радкі гэтай песьні. Я ўсё гэта занатаваў і пайшоў у тагачасны Менск, дзе дзень гораду быў падобны да літоўскага Казюкасу — паўсюль прадаваліся карціны, біжутэрыя, ганчарныя вырабы… Гэта быў зусім іншы час», — згадвае Лявон.
Тэкст выдатна паклаўся на музыку, кампазыцыя стала адным з галоўных гітоў каманды і была запісаная для альбому «Дваццаць восьмая зорка», што выйшаў у выглядзе вінілу на «Мэлёдыі» (1989). Праз гады песьню рэанімуе N.R.M., як твор актуальны і злабадзённы. «Зямлю» сыграюць на «Акустычных канцэртах канца XX стагодзьдзя» (1999), пасьля чаго яна пэрыядычна будзе гучаць на канцэртах гурту ажно да таго часу, як яго пакіне Вольскі. Паводле апытаньня 90 экспэртаў, «Зямля» ўвайдзе ў лік «100 найвялікшых беларускіх песень».
Гэты твор запісалі ў студыі наноў для праекту «25 АББА-Аркестр», які быў прэзэнтаваны летась на Tuzin.fm. Разам з зоркамі беларускага року галоўныя гіты выканалі вучні беластоцкай пачатковай школы №4. Лявон выступіў яго мастацкім кіраўніком. Музыка згадвае, што праца над «Зямлёй» ды іншымі песьнямі праходзіла весела і нязмушана. «Я некалькі разоў прыяжджаў у Беласток на рэпэтыцыі цягам году. Спэцыфіка працы гэткая, што трэба за дзьве гадзіны зрабіць усё магчымае, бо потым дзеці стамляюцца і ўжо кепска рэагуюць на бізун і пернік. А наогул, гэта досыць высокі ўзровень мастацтва — калі дзіцячы хор на сцэне пяе разам з харызматычным Хрыстафорам: „Чарнабыль, радыяцыя, памірае наша нацыя“, а ты раптам разумееш, што, насуперак прагнозам, за апошнія 25 гадоў нацыя не памерла. Яна жыве таксама ў гэтых беластоцкіх дзетках, якія старанна выводзяць кранальнымі галасамі: „Вось мая зямля пад нагой бяжыць, вось мая зямля ў сьнягох ляжыць…“».
Інструмэнты ў гэтай вэрсіі песьня «Зямля» запісалі музыкі зь Беластоку Павал Азябла (гітара), Рыгор Карповіч (бас), Пётар Азябла (пэркусія). Апроч Лявона ў гэтай песьні саліруюць Юлія Баравік, Ксэня Клімюк і Зося Конюх.
Tuzin.fm
Лявон Вольскі і «25 АББА-Аркестр» — Зямля (музыка і словы Лявона Вольскага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Вось мая зямля пад нагой бяжыць.
Вось мая зямля ў сьнягох ляжыць
Закаваная лютым холадам,
Падуладная чужым волатам…
Вось мая зямля запаветная,
Занядбаная, непрыкметная.
Хоць багатая на малітвы,
А крывёю шчодра палітая.
А сыны яе незьлічоныя,
Бесклапотныя, нехрышчоныя
Не турбуюцца, не хвалююцца,
Толькі піць ды спаць не лянуюцца.
Як пачнеш сьпяваць — не абудзяцца,
Як пачнеш крычаць — не дачуюцца,
А спытаеш піць — не дадуць вады,
А захочаш бегчы — няма куды…
КАМЕНТАВАЦЬ