
«Песьняры» гукаюць вясну (прэм’ера песьні!)
Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песьняры» прэзэнтуе на Tuzin.fm сваю новую песьню «Вясна прыйшла», якая мае ўвайсьці ў новы альбом «Благаславі маці».
Новы твор «Песьняроў» мае назву «Вясна прыйшла» і зьяўляецца апрацоўкай вядомай народнай песьні «Благаславі, маці, вясну сустракаці». Музычны кіраўнік ансамбля Раман Козыраў пачуў арыгінальны сьпеў на кружэлцы фірмы «Мэлёдыя» — «Анталёгія народнай музыкі. Беларуская музыка», на якой сабраны аўтэнтычны матэрыял з фальклёрных экспэдыцыяў 1962—1986 гадоў: «Вельмі зацікавіла гэтая складанка, бо там багата цікавых запісаў як інструмэнтальных, так і вакальных. Адзін зь іх і натхніў нас на запіс новага твору», — распавядае аўтар апрацоўкі.
Менавіта радок з гэтае песьні дасьць назву новаму альбому ансамбля «Песьняры». У дыск «Благаславі маці» ўвойдзе выключна беларускамоўны матэрыял, над якім музыкі працавалі з восені 2014 году. Ужо ўсе трэкі запісаныя і знаходзяцца на стадыі зьвядзеньня. Непасрэдна перад рэлізам музыкі зьбіраюцца выкласьці ў сеціва яшчэ некалькі песень у фармаце сынглаў. «Мы імкнемся пакрысе пашырыць сваю аўдыторыю і станавіцца бліжэй ды больш зразумелымі моладзі. Не выракаючыся нашых каранёў, імкнемся арыентавацца на сучаснае гучаньне. Як у нас гэта выходзіць можна меркаваць па нашай новай кампазыцыі», — заўважае музычны кіраўнік «Песьняроў» і заклікае гукаць вясну разам.
Песьняры — Вясна прыйшла (музыка і словы народныя, апрацоўка Рамана Козырава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Благаславі, маці, вясну сустракаці
А зялёны явар кудравы
Вясну сустракаці, лета заклікаці
А зялёны явар кудравы
Вясна прыйшла, красна прыйшла (3 р.)
А зялёны явар кудравы
Вясна-красна на чым прыйшла
А зялёны явар кудравы
На чым прыйшла, на чым прыехала
А зялёны явар кудравы
Прыйдзе весна, прыйдзе красна (3 р.)
А зялёны явар кудравы
КАМЕНТАВАЦЬ