Восеньскі «Ілюжан» з новым гукам ды эмоцыямі (прэм’ера)
«Ілюжан» прэзэнтуе на Tuzin.fm cамотнік «Як ніколі раней», у якім гурт загучаў зусім па-новаму.
Гэтую кампазыцыю музыкі напісалі на пачатку восені і вырашылі адразу ж зафіксаваць яе ў студыі. «Каб не згубіўся асаблівы драйв, які апанаваў падчас яе сачыненьня», — кажа вакалістка гурта Каця Аліхвер. Сьпявачка называе новую песьню выбітнай па стылістыцы, таму музыкі вырашылі выдаць яе асобным сынглам: «Песьня напоўненая новымі настроямі і эмоцыямі. Восень — вельмі своеасаблівая пара, калі пануе няўстойлівы, як і надвор’е, настрой, і ня хочацца спыняцца пасьля летняга „разгону“. Таму нам здаецца ён якраз у тэму цяпер. Гэта наш падарунак слухачам, каб у прыцемку гарадзкіх будняў яны маглі лішні раз адчуць рамантыку і натхненьне».
Цяпер гурт працуе над выданьнем працягу свайго дэбютніка. Альбом вырашана было падзяліць на тры часткі — першая пад назвай «Ці чуеш» пабачыла сьвет у сьнежні 2015-га. Сёлета, між іншым, «Ілюжан» адзначае 5-годзьдзе. Канцэрт з гэтай нагоды пройдзе 11 лістапада ў Менску.
Паслухаць на Soundcloud
Ілюжан — Як ніколі раней (музыка гурта, словы Кацярыны Аліхвер). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Аля Клейменава
Як ніколі раней
Лісьце на мокрым асфальце,
Шэрыя пасмы аблокаў,
Горад у прыцемку коўдрай
Агарне і схавае глыбока.
У кроках сагрэюцца пальцы,
Расплывецца бульвар прад вачыма,
Як лёгка бывае адчуць усё тое,
Што зразумець немагчыма.
Як ніколі раней
Дыхаю музыкай восені.
Як ніколі раней
Ад любові аж млосна мне!
Карункамі нашыя лёсы
Цягнуцца па небасхілу,
Усё круціцца так адмыслова
І моц адчуваецца ў крылах…
Насустрач нябачнаму сонцу
Верасень крочыць празь цемру,
І ў гэтую самую хвілю
Хай хораша будзе ўсім тым, каму веру.
КАМЕНТАВАЦЬ