Мы вартыя быць
6786 / 0
12.01.2017

Mission Jupiter. Каб пачулі на сьвет цэлы (аўдыё)

Менскі гурт Mission Jupiter прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm самую каштоўную песьню са свайго рэпэртуару — «Мы вартыя быць».

Каштоўны гэты твор для музыкаў, як у тэхнічным, так і ў ідэйным пляне. «Мы хацелі дамагчыся сучаснага гучаньня ды зарэкамэндаваць сябе як новых і прагрэсіўных прадстаўнікоў беларускай музыкі», — кажа гітарыст каманды і аўтар песень Уладзімер Швакель. Што да зьместу дэбютнай беларускамоўнай кампазыцыі, то і тут Mission Jupiter падыходзяць з уласьцівай ім маштабнасьцю мысьленьня: «Было імкненьне напісаць такую песьню, якая зьяўлялася б сапраўдным зваротам да ўсіх беларусаў. Хочам прысьвяціць яе ўсім людзям, якія застаюцца сабой, нягледзячы на абставіны і цяжкасьці! Кожны абірае свой шлях ды адчувае што важна і варта для самога сябе», — разважае Ўладзімер.

Mission Jupiter існуе ўжо трэці год. Свой стыль вызначае, як «аlternative-dream-rock». Мае ў даробку два альбомы — «The Sea of Hopes» і «Beyond the Earthand Gravity». Вакалістка гурту Наста Шаўцова так акрэсьлівае мэту каманды: «Быць пачутымі ва ўсім сьвеце і мець пры гэтым сучасны беларускі калярыт». Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

Mission Jupiter — Мы вартыя быць (музыка і словы Ўладзімера Швакеля). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Прачнуцца раптам ад сну,

Зразумець, што ёсьць сорам і жах

Мы шукаем надзею ў тым, хто можа быць вольным

 

З павагаю гледзячы ў вочы паскараем крок

да тых, хто жыве дзеля праўды і чакае нас зноў

 

Мы вартыя быць такімі якія мы на зямлі

І годныя плыць насустрач пачуцьцям

З павагаю гледзячы ў вочы паскараем крок

да тых, хто жыве дзеля праўды і чакае нас зноў

 

Кожнаму з нас не хапае

Адказаў на нашы пытаньні,

у якіх

Мы марым, звычайна, аб тым што цікава ўсім

Напэўна, ня пэўна хлусім

бо маем адказ у душы

 

Шукаючы знойдзем любоў

Калі сонца схаваецца ў хмарах

І спынім нашую кроў,

Што ў сэрцы кіпіць

 

Гэта наш сьвет

І мы так жывем

Заўжды.