Мары зьдзяйсьняюцца! Памідораў і Trubetskoy зрабілі рок-вэрсію «Цуду на Каляды» (прэм’ера!)
Знакамітая рэп-калядка ў новым прачытаньні адкрывае праект «Новае пакаленьне на Новы год».
Паводле задумы навагодняга праекту, дуэты мусілі складаць малады і сталы выканаўца. Памідораў і Trubetskoy гэтага правіла не парушылі, проста яны ўзялі на сябе адказнасьць як за папярэдняе, так і за новае пакаленьне і зрабілі рок-вэрсію гіта «Цуд на Каляды». Запісаная для праекту «Сьвяты вечар» у 1999-м, яна трывала ўвайшла ў лік самых пазнавальных беларускіх зімовых песень. «Нам гэта песьня заўсёды падабалася, нікому яшчэ не ўдавалася так арганічна чытаць „рагамафін“ на мове, як тое робіць Памідораў у гэтым трэку! А Памідораву ў сваю чаргу падабаецца музыка нашага гурта. Таму мы з радасьцю адгукнуліся на ідэю зрабіць яе сумесна», — распавядае вакаліст гурта Trubetskoy Павал Булатнікаў.
«Фармальна Trubetskoy у нашым дуэце выступае ў якасці маладога гурта, а я за сталага выканаўцу, хоць мы здаўна разам расьлі, вучыліся, бавілі час і выступалі на адных пляцоўках, — распавядае Аляксандар Памідораў. — Для мяне былі сапраўдным сьвятам гэтыя тры дні, якія мы правялі разам за працаю — два дні рэпэтыцыяў і адзін дзень запісу. І я вельмі ўдзячны Паўлу Булатнікаву, Руслану Ўладыку, Аляксандру Старажуку і Алесю-Францішку Мышкевічу за тую вэрсію песьні, якая была створаная. Яна разбурыла ўсталяваны ўжо канон, загучаўшы інакш, і я вельмі задаволены тым, як яна атрымалася».
Песьня «Цуд на Каляды» была запісаная ўжывую для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна будзе ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат». А да гэтага на сайтах Tuzin.fm i Belsat.eu штодня вас чакае аўдыёпрэм’ера песень. Сьпяваем разам!
Trubetskoy і Аляксандар Памідораў — «Цуд на Каляды» (музыка і словы Аляксандра Памідорава)
Tuzin.fm/Белсат, фота Сяргея Балая
Гэта было аднойчы ўвечары, калі
Калолі зоркі зрок, ды ішоў сьнег па ўсёй Зямлі
І ціхі вецер разносіў песьні, што сьпявалі дзеці
Па ўсім сьвеце!
(ага-ага) Пляскаючы ў далоні.
Зіхцелі ліхтарыкі ў завейным палоне.
Чалавек адзінокі ў горад гэты прыйшоў.
Ён шукаў па сьвеце шчасьця, але покуль не знайшоў.
Стомлены, змораны, але верыў упарта
У тое, што будзе яму цуд
На Каляды!
Сьвятая ноч у горадзе вялікім панавала,
Утаймоўвала думкі, сьнегам пасыпала.
У свайго вакна адна сядзела жанчына.
Чакала на цуд таксама, плюмбум варажыла.
Будзе-ня-будзе, калі-некалі, дай Божа!
А ў дзьверы грукае нехта — (ага) калядоўшчык!
Але ж нейкі дзіўны, да таго ж, адзін.
Таму і сенцы адчыніла, сказала: Сюды хадзі!
Сама не зразумеўшы, ці то прыбытак, ці то страта…
А можа, усё ж-ткі будзе ёй цуд
На Каляды!
Калядная казка дарослым і дзецям!
Трубяцкі, Памідораў — Магістар Бібэндзі!
Дорым нанова, запрашаем у госьці!
Бавімся разам!
Дык вось
Завіруха сьціхла недзе за горадам белым
Ды ў адзінае вакно зоркі-волы глядзелі.
Ён стаў ейным падарункам, ён быў ейнае сьвята,
Ды й ня можа быть інакш на Каляды!
Хвала на вышынях! Спакой на Зямлі!
Анёлы на нябёсах сьпяваюць свае песьні!
Вясёлая навіна! Цуд адбыўся!
Гэта было ўжо ў Бэтлэеме — спраўдзілася ў Менску!
Дзьве тысячы год — іх будзе болей, дакладна!
Прыходзіць Сын Чалавечы, як Божы цуд
На Каляды!
Прыходзіць Сын Божы да чалавекаў кожны год
На Каляды!
Ну а мы віншуем Аляксандра Памідорава з днём народзінаў. Акурат у дзень прэзэнтацыі ён яго адзначае:)
творчага плёну , вялікі дзякуй
КАМЕНТАВАЦЬ