Краіна жыве
5472 / 0
16.03.2017

Viktor aRien. Крык, што краіна жыве (аўдыё)

Выканаўца з больш чым 10-гадовым стажам Viktor aRien прэзэнтуе на Tuzin.fm першы беларускамоўны самотнік «Краіна жыве», які быў створаны пад уражаньнем ад апошніх падзеяў у Беларусі.

«Дырэктывы, дэкрэты/Дылетанты кiруюць людзьмі/Iлюзорныя мэты/Бегчы б адсюль… а куды?» — задаецца выканаўца пытаньнем у сваім трэку. «Краіна жыве» — першы ягоны твор, напісаны па-беларуску. «Даўно марыў напісаць на роднай мове, але былі сумневы ці дам рады. У адной з тыповых кухонных гутарак, прысьвечанай надзённым тэмам, мой суразмоўца канстатаваў: а што ты зробіш, ды нічога! На наступны дзень на эмоцыях напісаў гэты тэкст, ён проста вылецеў зь мяне. Я хачу сказаць, што як бы дрэнна на гэты момант ні было ў нашай роднай краіне, яна жыве і будзе жыць!» — распавядае Віктар Арыен з нагоды прэзэнтацыі на Tuzin.fm.

«Краіна жыве» была запісаная імгненна — на наступны ж дзень пасьля стварэньня тэксту. Віктару ў гэтым дапамог Аляксей Нявераў (deluXe), які зрабіў інструмэнтальную частку. Выканаўца не выключае, што ў яго будуць зьяўляцца беларускамоўныя трэкі і надалей. Бліжэй пазнаёміцца з творчасьцю Віктара Арыена можна празь ягоную афіцыйную суполку. Студыйны альбом выканаўцы даступны для праслухоўваньня на soundcloud.

Песьня «Краіна жыве» возьме ўдзел у нашым аўдыёчарце з 10-га туру.

Viktor aRien — Краіна жыве! (музыка Аляксея Няверава, словы Віктара Арыена). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Вакол адзiныя думкi

Колькi iсьцi ў нікуды

Забароны бясконца

Сонца блукае ў цянi

 

Дырэктывы, дэкрэты

Дылетанты кiруюць людзьмi

Iлюзорныя мэты

Бегчы б адсюль… а куды?

 

Але краiна жыве, у маiм сэрцы

Мая краiна жыве, у маiм сэрцы

Жыве, жыве, жыве, жыве, жыве — у маiм сэрцы

Мая краiна жыве, у маiм сэрцы

 

Хтосьці сыходзіць на захад

Хтосьці сыходзіць на ўсход

Непатрэбныя раптам

Адзіны забыты народ

 

Але верым што сонца

Дакранецца да нашай зямлi

i Чалавек абаронца

Сваёй мары, свабоды, у жыцьцi

 

Няхай краiна жыве, у тваiм сэрцы

Няхай краiна жыве, у тваiм сэрцы

Жыве, жыве, жыве, жыве, жыве — у нашым сэрцы

Навечна краiна жыве, у нашым сэрцы