Каханьне
4860 / 0
15.12.2016

Zatoczka лірычная: «Каханьне таксама можа выбухнуць» (прэм’ера)

Гурт Zatoczka прэзэнтуе на Tuzin.fm сваю новую песьню «Каханьне», напісаную на словы паэта Ўсевалада Сьцебуракi.

Са словаў лідэра каманды Макса Астравухава, гэтая песьня стала «сапраўдным выбухам» падчас іх летніх канцэртаў па Ўкраіне. «Мы атрымалі шмат водгукаў пасьля канцэртаў, у нас зьявіліся новыя слухачы, дзякуючы гэтай песьні. Таму мы вырашылі выдаць яе раней за наш будучы альбом», — кажа Макс. «Каханьне» напісаная на словы Ўсевалада Сьцебуракi. Макс сам знайшоў гэты верш, разам з гуртом яны паклалі яго на музыку да зьвярнуліся да паэта па дазвол на яе публічнае выкарыстаньне. «Сева даў дабро ня толькі на гэты верш, але і на іншыя свае творы. Таму, думаю, у нас будзе працяг, бо нам вельмі падабаецца ягоная творчасьць», — заўважае Макс і просіць падпісаць у анонсе гэтай песьні на «Тузіне» заклік ад гурту: «Давярайце свайму сэрцу — яно не падвядзе!» 

Цяпер Zatoczka працуе ў студыі над новым альбомам і спрабуе дамовіцца на канцэрты ў Беларусі, але пакуль безвынікова.

Песьню таксама можна паслухаць на нашым канале на плятформе Soundcloud.

Zatoczka Каханьне (музыка гурту, словы Ўсевалада Сьцебуракі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Яна ведае мовы і моду,

мае цьвёрды жыцьцёвы плян,

і з усьмешкай укладае прыгоды

ў наш сур’ёзны сапраўдны раман.

Яна любіць лiкёр «Ягермейсьцер»

і кудлаціць мае валасы.

Мы ляцім наўздагон яе сьмеху

з разваротам празь дзьве паласы.

Яна можа нічым не займацца —

проста плакаць, ці проста сьпяваць,

а ўвечары так атрымаецца,

што я двойчы стамлюся чакаць…

Ды калі, нібы на фотаздымках,

загарнуўшыся ў мяккі плед,

яна сьцішыцца… У абдымках

мне падасца — трымаю сьвет!