Дачакайся, матуля
20194 / 2
22.01.2014

Сьпеў трох пакаленьняў беларусаў (аўдыё)

Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе ў чарце на Tuzin.fm песьню на словы Генадзя Бураўкіна «Дачакайся, матуля». У яе запісе ўзялі ўдзел рэпэр Vinsent і джазавая сьпявачка Саша Захарык з Apple Tea.

Песьню «Дачакайся, матуля» Зьміцер Вайцюшкевіч выконвае на сваіх канцэртах ужо некалькі гадоў. Цяпер яна ўрэшце запісана ў студыйнай вэрсіі для альбому «Варанок». Сам выканаўца лічыць гэты твор выбітным, прынамсі ў сваёй творчасьці. «Так атрымалася, што ў беларускай музыцы дагэтуль няма агульнавядомай песьні пра Маці. Канечне, нешта сьпявалася, але гэта больш прыватныя выпадкі. Я не кажу, што мая песьня станецца масавай, хаця хачу на гэта спадзявацца. Людзі на канцэртах падчас яе выкананьня плачуць, а гэта ўжо шмат чаго значыць. Прынамсі сваю задачу я выканаў і сьпеў яе сваёй маці, сваім жонкам», — распавядае Зьміцер.

Вэрсія «Матулі», якая прэзэнтуецца ў чарце на «Тузіне», Вайцюшкевіч запісаў разам з запрошанымі музыкамі — рэпэрам Вінсэнтам і Сашай Захарык, вакалісткай гурта Apple Tea. «Я наогул лічу, што чым больш будзе дуэтных песень, трыё вакальных, тым лепш. Канкрэтна ў гэтым сьпеве хацелася злучыць розныя пакаленьні: аўтару словаў Генадзю Бураўкіну — 77, я маладзейшы на 35 гадоў, а запрошаныя госьці маладзейшыя за мяне амаль удвая», — тлумачыць Вайцюшкевіч.

Vinsent ня толькі прасьпяваў. Ён напісаў сваю частку песьні і зрабіў уласную апрацоўку трэку. «Гэта быў няпросты выклік, пісаць небанальна на такую тэму цяжка. Тым ня менш, досыць хутка нарадзіўся тэкст, потым я дапісаў біт, зрабіў эфэкты. Атрымалася вечная, заўсёды актуальная песьня», — распавядае выканаўца.

Саша Захарык кажа, што зь вялікай радасьцю паўдзельнічала ў запісе гэтага трэку. «Ідэя Вайцюшкевіча спачатку падалася мне трохі дзіўнай, бо нават уявіць не магла, як на выхадзе будзе гучаць сынтэз трох зусім розных артыстаў. Баялася, што будзе перагруз. Але па выніку ўсё выйшла прыгожа. Сынтэз жанраў і пакаленьняў, лірычнай напеўнасьці ды жыцьцёвай душэўнасьці».

Tuzin.fm

Зьміцер Вайцюшкевіч feat. Vinsent (пры ўдзеле Сашы Захарык) — Дачакайся, матуля (словы Генадзя Бураўкіна, Зьмітра «Вінсэнта» Папка, музыка Зьмітра Вайцюшкевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Калі шчасьце атуліць

Ці заціхну ў журбе,

Я заўсёды, матуля,

Успамінаю цябе.

І нясу, як закляцьце,

Перад Богам віну,

Што цябе, мая маці,

Я пакінуў адну.

 

Ты мне родная самая

Па душы, па крыві.

Ты жыві, мая мама,

Доўга, доўга жыві.

Мяне клікалі, я сыходзіў, прабач, калі ласка…

Часам было зусім невыносна: раны і стома.

Але калі думаў пра цябе — боль зьнікаў адразу,

Пасьля доўгіх блуканьняў я вярнуся дадому.

 

Сярод тлуму людзкога

І ў прыцішаным сьне

Цісьне сэрца трывога —

Як ты там безь мяне?

Пасьля ростані горкай,

Перажыўшы зіму,

На бацькоўскім падворку

Я цябе абдыму (нарэшце)

 

Ты мне родная самая

Па душы, па крыві.

Ты жыві, мая мама,

Доўга, доўга жыві.

 

Вярнуся туды, адкуль караблі сыйшлі,

Ведаю дакладна: яшчэ стаяць масты.

За твае рукі нічога даражэй на зямлі,

Мой дом гэта ня цэгла, а там, дзе ты.

Мяне не пужаюць праклёны і ворагі,

Гэта ня блеф, магу зруйнаваць сьцяну з каменьняў.

Бьюся з навалай на шырокіх прасторах я

І толькі перад табою стаю на каленях.

 

Больш ніколі спакусай

Зло мяне не кране,

Прад табой павінюся,

Як ніколі раней.

 

Ты мне родная самая

Па душы, па крыві.

Ты жыві, мая мама,

Доўга, доўга жыві. 

(Стаю прад табою на родным падворку

Мая матуля, жыве доўга, доўга)

КАМЕНТАРЫ:

  • Аляксей Кульбіцкі
    Аляксей Кульбіцкі / адказаць
    24.01.2014 / 18:08

    А Сашу Захарык мы так і не пачулі, акрамя "а-а-а-у-у-у" :(

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.01.2016 / 12:37

    Кліп на песьню http://tuzin.fm/videos/1152/dacakajsia-matula.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ