Сьветлыя яскаркі
6364 / 0
25.04.2017

Сілка скончыў унівэр: «Цяпер у мяне загоны новага ўзроўню» (прэм’ера!)

Намінант на «Адкрыцьцё году — 2015» Стась Сілка прэзэнтуе праз год маўчаньня новы самотнік на TuzinFM. Цяпер не адзін з гітараю, а з жаночым бэкам, жывым басам ды ды-джэем.

У жніўні 2015 году Стась прэзэнтаваў свой дэбютны альбом «Песьні для глуханямых», па выніках году быў намінаваны на «Адкрыцьцё году», на пачатку 2016-га даў шэраг канцэртаў у беларускіх гарадах, у тым ліку ў Менску ў межах праекту «Жывы Тузін» і… зьнік з далягляду.

«Мае песьні сталі мне настолькі брыдкімі, што рукі не падымаліся граць іх, нават у кампаніі блізкіх сяброў і стаў я думаць, як і што я хачу рабіць з музыкай, доўга думаў, шмат рознага слухаў так і не зразумеў. Старыя песьні былі самым лютым чынам сьцёртыя з памяці, каб не перашкаджалі ствараць новае, а новае ўсё адно не стваралася», — распавядае выканаўца. Свой адбітак наклала тое, што Стась скончыў унівэрсытэт, таму пачалося зусім іншае жыцьцё. «Больш дарослае, чым я думаў, з новым пакетам дурацкіх пытаньняў да сябе і загонамі новага ўзроўню», — прызнаецца музыка.

Але за гэты год маўчаньня адзін верш Стась усё ж напісаў. Зь яго і вырашана было зрабіць першую новую песьню. Дапамог у гэтым ды-джэй Мікола Шумілкін (Shumila), які ўзяў адказнасьць за запіс, зьвядзеньне, майстарынг, а таксама за драм-машыну. Партыю бас-гітары вырашыў запісаць сам Стась, але ня выйшла. «Думаў, што я сам умею, але нічога талковага з бас-гітарай ня змог зрабіць, прыйшоў да хлопца, у якога яе браў, кажу: мо ты дапаможаш?, ён кажа: а чаму не?». Такім чынам да запісу далучыўся Аляксандар «Мэл» Малахаў, а як дайшлі да запісу вакала, дык зьявілася патрэба і ў жаночым бэк-вакале. Паклікалі Янку Храмцову — зь ёю Стась сьпявае ў гурце «Варган».

«Яна прыйшла, я сказаў: „Рабі што хочаш, вось табе трэк“, Шуміла паставіў мікрафон і пакуль Янка сьпявала, мы пілі чай. Пасьля паслухалі і нам спадабалася, яна крута ўсё зрабіла. Вырашылі, што так і пакінем, без накрутак», — распавядае Стась. Вокладку намаляваў фатограф Кірыл Смалякоў.

Прэзэнтуючы гэты трэк, Стась не бярэцца з пэўнасьцю сказаць ці будзе нешта далей. Ані новых запісаў, ані канцэртаў выканаўца пакуль не плянуе, хаця пры гэтым прызнаецца, што супраца ў камандзе яму надта прыйшлася даспадобы.

Песьня «Сьветлыя яскаркі» возьме ўдзел у 11-м туры аўдыёчарту на TuzinFM.

TuzinFM

Стась Сілка — Сьветлыя яскаркі (музыкі і словы Стася Сілкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Белы святочны скафандр наўрад ці ўратуе мяне ад хаоса

Мой дзень не такі ўжо і просты, каб я не баяўся згубіцца ў ім

Канечне я мог бы застацца

Для гэтага сьвету чужым

 

Песні, як у прынцыпе ўсё тут, ня маюць сэнсу

Cловы сказаныя мной калі-небудзь дакладна мне зьвернуць шыю

Ад сябе мне няма куды дзецца

Пакуль я вучуся быць шчырым

 

На ўсё ўва што верыць ня мог — глядзі 

Першых маланак сьветлыя яскаркі 

Пасьля нас дзень зробіцца ясным

Зямля, я веру ў цябе — адштурхніся ад ног і ляці

 

Лекі й народныя сродкі магчыма падораць мне момант шчасьця

Сон паказаў мне мяне і прымусіў прачнуцца ў халодным поце

Наўрад ці я змог бы сьмяяцца

Застаўшыся жыць у самоце

 

Сэнсы прынятыя вамі мне не пакідаюць ніякіх шанцаў

Ды Сьвет, прыдуманы мной, верагодна ніколі ня стане лепшым

Напэўна я змог бы суняцца

Калі б я ўбачыў усьмешку

 

На ўсё ўва што верыць ня могглядзі

Першых маланак сьветлыя яскаркі 

Пасьля нас дзень зробіцца ясным

Зямля, я веру ў цябе — адштурхніся ад ног і ляці