Музыка ўнутранай каналізацыі
3761 / 0
22.08.2014

Музыка ўнутранай каналізацыі

Яго завуць Яўген Кучмейна, ён паходзіць зь Іўя, піша незвычайныя песьні, фатаграфуе каналізацыйныя люкі і грае ў гурце, назва якога гэтымі самымі люкамі і навеяная. Пішацца яна так, каб ня гуглілася — «.К». І ў гурце гэтым грае толькі Яўген.

Паводле легенды, свой новы альбом «УніСон» музыка пісаў ледзь не паўгоду, схаваўшыся ў вёсцы Суботнікі, што ля самай мяжы зь Літвою. CD-варыянт рэлізу выдадзены накладам у 22 асобнікі ў сямі розных варыянтах афармленьня. І тое, што атрымалася на выхадзе, заслугоўвае ўвагі.

Упісаць «.К» у клясычную аўтарскую песьню не ўяўляецца магчымым, хоць на пярэднім пляне маем чалавека з гітараю, які выконвае свае тэксты. «УніСон» — суцэльны экспэрымэнт з гукамі і рэчаіснасьцю. Альбом-рэбус, ажно перанасычаны сэнсамі, падтэкстамі ды адсылкамі да Velvet Undeground, «АукцЫону», «Троіцы»… У Жэні яркі і запамінальны голас, сьпявае ён не на ўменьні, а на нэрве. «Сьпявае», можа, тут і ня самае ўдалае слова — ён хрыпіць, сапіць, гарланіць, шаманіць з такой непадробнай утрапёнасьцю, нібы выконвае кожны свой твор апошні раз. Альбом ахінае сваёй непаўторнай атмасфэрай адразу і не адпускае да канца. Адчуваньне такое, што тут не 11 песень, а адзін вялікі трэк-палатно, у якім настрой зьмяняецца ледзь ня кожную хвіліну, але адчуваньне, што табе-гэта-ўсё-проста-сьніцца, не пакідае ні на сэкунду. І праўда — часам тэма адной песьні раптоўна ўсплывае празь некалькі нумароў ізноў (першы трэк завецца «Днём не пой», а пяты — «Ночью пой»). Зьвяртае на сябе ўвагу тагасьветны беларускамоўны нумар «Анёлам гімн», «Гражданин С.» зь дзівосным лямантаваньнем на няяснай мове ды бездакорны псыхадэл «УніСон». Ёсьць тут і яўны гіт — «Белка», напісаны па ўсіх канонах расейскай рок-паэзіі, але зь вельмі нетрывіяльным музычным разьвіцьцём і яўным прывітаньнем Эдмунду Шклярскаму.

«УніСон» — альбом найперш для тых, каму беларуская музыка падаецца сумнай ды прадказальнай і нават ужо Пукст не ратуе. Дарэчы, у Жэні ёсьць яшчэ адзін гурт — з клясычным складам, які завецца «Дэмантаж характару». Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Больш пра праект «.К» у афіцыйнай суполцы.

.К — УніСон, 2014

Спампаваць альбом адным файлам можна на сайце 34mag.net.

SB, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: