Haina пачынае і выйграе
3181 / 0
13.05.2014

Haina пачынае і выйграе

Гурт з вакалам і баянам Ільлі Паплёўкі запісаў вельмі драйвовы рок-альбом і пры гэтым ні разу не скарыстаў гітару.

Баян актыўна выкарыстоўваюць на беларускай сцэне адзінкі. Гэты інструмэнт аздабляе песьні гуртоў BosaeSonca, HandmadE, часам гучыць у Вайцюшкевіча, з папсавікоў да яго актыўна зьвяртаюцца «Леприконсы» і «Дрозды». А вось франтмэн з баянам — зьява ў нашай музыцы наогул выключная. За выняткам інструмэнтальных гуртоў Portmone i праектаў Ягора Забелава, пахваліцца можна мала чым. Таму радуе зьяўленьне гурта Haina на чале з баяністам Ільлём Паплёўкам.

Гэтай камандзе няма яшчэ і году. Музыкі далі парачку канцэртаў ды вырашылі адразу заняцца запісам сваіх першых песень. На іх дэбютным рэлізе — шэсьць трэкаў, таму ён падпадае пад вызначэньне міні-альбому, а не паўнавартаснай працы (хоць па часе гучаньня іх дыск карацейшы за апошні альбом Вольскага ўсяго на 7 хвілінаў).

Зь першага ж трэку «Міма» робіцца зразумела, што мы маем справу з арыгінальнай творчай прапановай. Музыка Haina акрамя згаданага баяну грунтуецца на гучаньні яшчэ двух інструмэнтаў — скрыпкі ды бубнаў. І пры гэтым аніякіх гітараў, хоць каманда яўна абрала рок-кірунак. Іх песьні пададзеныя з надрывам, часам нават зь непадробным адчаем. Асабліва ўдалася кампазыцыя «Ціхі акіян». Вакал пры гэтым мяккі ды адначасова экспрэсіўны. Ільля нібы лагодна напявае пра кветачкі ды сонейка, а потым нечакана ўстаўляе: «Страшна, калі становіцца по…уй» («Больш-менш»). Нягледзячы на адчувальную сырасьць, усё ж цяжка даць веры, што ўвесь матэрыял «Мішэняў» быў запісаны адным махам усяго за дзень. Фактычна, гэта live з канцэрту на студыі з абсалютна жывой энэргетыкай. І гэты запіс сьведчыць, што Haina — гурт перадусім канцэртны, фэстывальны. Ён гучыць значна цікавей за першую каманду Ільлі Паплёўкі «Абшар».

«Абшару», дарэчы, у свой час было дадзена таксама нямала авансаў, якія, на жаль, так і ня спраўдзіліся. Захвальваць новы праект адпачатку ня варта, але сказаць, што Haina стварае музыку, вартую ўвагі, проста неабходна.

Haina — Мішэні (EP), 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org