Port Mone. Бясконцы рэпіт і мэдытацыя
Каб запісаць гэты цудоўны дыск, музыкі з гурта Port Mone ў літаральным сэнсе сышлі ў лясы.
Паводле легенды, Аляксей Варсоба і кампанія адмовіліся ад працы ў студыі на карысьць натуральнай акустычнай прасторы. Запіс кампазыцыяў быў зладжаны проста ў лесе. Шолаху лістоты і павеваў ветру тут ня ўчуеш, але на агульную атмасфэру дыску гэта, безумоўна, наклала адбітак. Наогул яго можна назваць саўндтрэкам да восені паводле настрою.
Port Mone яшчэ сваім дэбютным дыскам «DIP» (2009) заслужылі права быць у першым шэрагу беларускіх гуртоў, назвы якіх з гонарам называеш цікаўнаму замежніку. Той альбом атрымаў дзьве даволі паказальныя ўзнагароды — «Альбом году» па вэрсіі замежных экспэртаў на прэміі Experty.by і «Найлепшы замежны альбом» па вэрсіі харвацкага музычнага парталу terapija.net. У пошуках лэйбла-выдаўца музыкі выйшлі на славакаў, якія выдаюць джаз, нэаклясыку і авангард.
Ад «Thou» чакалася такой ж яснасьці, нават прасьветленасьці, як ад «DIP» — каб трэкі клаліся лёгка на сэрца. Але чаканьняў у гэтым пляне рэліз ня спраўджвае да канца. Можа быць, таму, што музыка Port Mone стала яшчэ менш прадказальнай і абсалютна няўлоўнай. Космас гэтага альбому з наскоку не спасьцігнуць. Адчуваньне пры праслухоўваньні такое, што намагаесься ўгледзецца ў карціну, а яна расплываецца перад вачыма. Нібы дыск гэты сабраны з абсалютна розных аскепкаў, якія аніяк ня ўкласьці ў суцэльнасьць. Зрэшты, як і «DIP», «Thou» варты бясконцага рэпіту ды мэдытацыі.
«Thou» пабудаваны на гучаньні трох інструмэнтаў — дамінуе акардэон, а мацуюць кампазыцыю бас і перкусіі. Гучыць усё абсалютна самадастаткова і аб’ёмна. Кампазыцыі ўспрымаюцца як жывая матэрыя, яны яўна пісаліся так як ёсьць — бяз дубляў і накладаньняў. Музыкі наогул дасягнулі такога эфэкту, што нават калі яны змаўкаюць, гэта выглядае музыкай, як у трэку «Liturgy». Стылістычна акрэсьліць тое, што робяць Port Mone, даволі няпроста, але дакладна, што яны будуць дарэчы і на фольк-, і на рок-, і на джаз-фэсьце. Ну і самая асноўная асацыяцыя, якая паўстае ў сувязі з музыкай Port Mone, — гэта кіно. Ідэальны гурт для стварэньня саўндтрэкаў да даўно зьнятых нямых фільмаў ды сучаснага паранаідальнага аўтарскага кіно.
Для праслухоўваньня даступныя тры трэкі з дыску. Набыць дыск можна на сайце лэйбла Hevhetia.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ