Нафта нафтавая
Ёсьць здагадка, што Пугач пры напісаньні сваіх тэкстаў карыстаецца краткім слоўнічкам кампутарных тэрмінаў.
Шчыра кажучы, калі Пугач абвесьціў пра стварэньне зусім новага музычнага праекту, то чакалася зусім іншага, чым прапанавала «Нафта» ў сваім дэбютным рэлізе. Можа быць не адвязнага панк-року з мацернымі рэфрэнамі, але прынамсі адрознага ад «J:морс» у музычным ды ідэйным пляне. Напрыклад, што-небудзь падобнага да таго, што зрабіў Вакарчук па-за межамі «Океана Ельзи». Такі чыста пугачоўскі «Брусэль» з запрошанымі гасьцямі, сваёй атмасфэраю ды іншымі новымі прыдумкамі ў тэкстах ды музыцы. Але выйшла інакш.
Уладзімер першым жа трэкам пацьвердзіў, што знаходзіцца ў палоне звыклых вобразаў. Такое адчуваньне, што ён карыстаецца пры стварэньні песень краткім слоўнічкам кампутарных тэрмінаў. Толькі што зьвяртае на сябе ўвагу трохі зьмененая гукавая карціна — больш напорысты і рэзкі саўнд, аб’ёмны і насычаны, за кошт больш яркавыяўленай рытм-сэкцыя (да цяперашняга «морсаўскага» басіста Мышкевіча далучыўся былы бубнач «Ляпісаў» Старажук). Зрэшты, дэкляраванай «цяжкасьці» ў музыцы «Нафты» тут не заўважыш. У «морсаў» здараліся нумары значна пацяжэй («Не здавайся», напрыклад). А «Крылы» дык наогул ідэальна пасуе ў рэпэртуар асноўнага гурта Пугача.
Але ўсё гэта прычэпкі дробныя — ці ня ўсё адно пад якой там шыльдаю надумалася папрацаваць Пугачу. Можа яму і сапраўды карцела паіграць з Старажуком (бо астатнія музыкі граюць зь ім у «J:морс»). Можа прытаміў і навяз на час гэты «морс» і патрэбны быў адыход убок, зусім трошкі. Ня важна. Важна тое, што з усіх апублікаваных песень «Нафты» няма аніводнай прахадной, кожная зь іх запісана на надзвычай высокім узроўні і ня можа ня выклікаць сымпатыю. На самы эмацыйны нумар выглядае схаваны трэк «Пажар-піяр», самая прыгожая і сумная — канечне ж «Крылы». Хаця гэта вельмі лёгка аспрэчыць, бо «Гімалаі» і «Без меня» таксама зь лёгкасьцю могуць прэтэндаваць на гэтую ролю. Адстае можа толькі згаданы першы трэк — «Аккаунты», вельмі ўжо перанасычаны ўсімі гэтымі «наряжаными ай-пи» і «лайками в упряжках».
Немаведама, якая там будучыня ў «Нафты», але гэты рэліз атрымаўся вельмі ўдалым. Карціць пачуць працяг.
Спампаваць адным файлам з дадатковым бонусам — на афіцыйным сайце праекту «Нафта».
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ