![Па дарозе зь дзівакамі. Super Besse і пустата](/images/2596_reviews_240x240.jpg)
Па дарозе зь дзівакамі. Super Besse і пустата
Кульша, Сініца і Міхалок-малодшы запісалі абсалютна дзівацкі для беларускай музыкі альбом «63610*», зь якім зьбіраюцца скараць Эўропу.
Падаецца, што гэты гурт прыехаў да нас у плацкартным вагоне цягніка зь Ленінграду 80-х без зваротнага квітку — менавіта ў той час і ў тым месцы мог адбыцца такі дзівацкі музычны пэрформанс, на мяжы «можна» і «нельга», шляхам накладаньня сучасных музычных павеваў на змрочную рэчаіснасьць. Пры гэтым Super Besse — праект актуальны і своечасовы. Можа быць таму, што шмат чаго лучыць наш час з тым, калі на сцэне запальвалі Цой з Мамонавым.
Не, гэтыя музыкі далёкія ад таго, каб капіяваць найлепшыя ўзоры расейскага року ці працягваць у тым жа духу, хоць і бавяцца кавэрамі на «ГрОБ» і «Звуки Му». Проста яны знайшлі сябе ў гэтым манатонным вар’яцтве: цішыня і супакой паўсюль такая, што хочацца воўкам выць. Такім чынам і атрымліваюцца песьні такога роду. Маніфэсты і заклікі не для Super Besse, хоць Кульша яшчэ да «Ляпісаў» хацеў засьпяваць «Ня быць скотам!». Яны працуюць зь іншымі вобразамі і пасыламі. Калі ўслухацца ў іх «Голод» ці «Приказано забывать», становіцца гэтак жа вусьцішна і няёмка, як пры чытаньні «1984» Орўэла.
Макс Кульша і Саша Сініца гралі чароўны і нікому непатрэбны ангельскамоўны індзі-рок у гурце The Blackmail, але ў пэўны момант нібы ачомаліся. Яны выкінулі старыя песьні, пазбавіліся рытм-сэкцыі, узялі на клявішы сына Міхалка Пашу з рэтра-гурта The Stampletons і зь нейкага перапуду назваліся ў гонар францускага гарналыжнага курорту. Дзіва, але празь які год яны будуць прывітаныя мэрам Супэр Бэс і сыграюць там канцэрт. Альбом «63610*» («212-85-06»?) — іх першы афіцыйны, выдадзены ў Латвіі на лэйбле I Love You Records. Абазнаныя людзі кажуць, што вызначальным для гурта стаў выступ на Tallinn Music Week, шоўкэйс-фэстывалі, дзе прадусары вышукваюць таленавітыя маладыя гурты. Пасьля яго дзіўнаватых беларусаў, якія пяюць не-разабраць-што сталі клікаць з канцэртамі па Эўропе.
З вакалам, дарэчы, поўная бяда. Асабліва з уліку таго, што ў тым жа The Blackmail голас Макса гучаў ярка і выразна. У Super Besse жа зроблена ўсё так, як на канцэртных бутлегах Joy Division — трэба быць моцна прасякнутым у тэму, каб уцяміць пра што ідзе, альбо проста не зважаць і аддавацца ўнутранай энэргетыцы вакаліста. Яна ў Кульшы ёсьць, але такое адчуваньне, што ён яе месцамі эканоміць, каб ня выплеснуць за раз. Такім чынам атрымліваецца досыць моташная жуйка, ня дужа насычаная смакавымі якасьцямі, якую, аднак, зусім ня хочацца выплюнуць.
Нягледзячы на вонкавую чароўнасьць вобразаў, герой песень Super Besse яшчэ ня выпісаны дакладна. Ён не выклікае ані спачуваньня, ані спагады, ані замілаваньня — у гэтым ён прайграе такому ж маральна няўстойліваму герою песень яшчэ адной дзівоснай каманды зь Менску, якую дужа палюбілі маскоўскія эстэты — «Петли пристрастия». Млявы і неахайны пэрсанаж зь песень Super Besse так не чапляе, ён размываецца. Адпаведна і песьні праходзяць збольшага міма — адно толькі халодны манатонны біт застаецца на доўгую памяць.
Набыць альбом на CD і на вініле можна тут.
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ