Сэкс па-рагачоўску
3719 / 0
23.05.2014

Сэкс па-рагачоўску

Новы поўнафарматны альбом гурта Sex з Рагачову завецца B.D.S.M., што прапаноўваецца расшыфроўваць як «Bielaruskaja Dziaržaŭnaja Seks Mašyna». Праўда, назва дыску абсалютна не адпавядае яго зьместу.

Гурт Sex — з тых, хто раскруціўся дзякуючы сеціву. Іхная суполка налічвае больш за 9000 чалавек. У першы ж год існаваньня рагачоўцы выправіліся ў тур па Расеі ды Ўкраіне, які потым паўтарылі на біс. Музыкі гуляюцца з публікаю ў «сэкс-дактароў», побач з сваімі прозвішчамі ставяць пазнакі «20,5 см», здымаюць прома-ролікі на мяжы фолу ды абяцаюць «устроить секс в этой дыре». Іх нават вінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі, выклікалі ў суд, але так нічога і не даказалі. Скандалы яўна толькі на карысьць гурту, які заснаваў капітан каманды «Трезвые кони» Клюба вясёлых і знаходлівых Валер Клымчук.

Новы, другі па ліку, поўнафарматны альбом гурта Sex завецца B.D.S.M., што прапаноўваецца расшыфроўваць як «Bielaruskaja Dziaržaŭnaja Seks Mašyna». Насуперак назьве, пяюць рагачоўцы збольшага па-расейску — каб быць бліжэйшымі да публікі. Хоць павагу да Беларусі падкрэсьліваюць, пакуль што на ўзроўні «Ты не спі, мая Беларусь, я да цябе зноуку вярнусь» (беларускай раскладкі ў тэкставіка няма, таму «зноуку» пішацца бяз «ў»). На гэтым альбоме ёсьць хуліганскае пераасэнсаваньне «Купалінкі» з проста пякельным і дзіка непісьменным тэкстам. У астатнім Sex карціць параўнаць з «Дай Дарогу!» і Neuro Dubel найлепшых часоў, але рагачоўцам якраз не стае тонкай іроніі Стыльскага і кулінковічаўскай вастрыні ды зьедлівасьці.

Папракаць гурт з такою назваю ў зацыкленасьці не выпадае. Але справа не ў тэматыцы, а ў падачы. Надта надуманыя і прымітыўныя тэксты атрымліваюцца ў Валеры. Рыфмуе ён бязьлітасна, мысьліць частушкава, таму атрымліваецца альбо патасны смур кшталту «Мы ни о чем не сожалеем, рубим свой рок, живем как умеем…», альбо пахабнаватыя папеўкі. У музычным пляне «B.D.S.M.» цяжка назваць цікавым і вартасным альбомам. Часам падаецца, што гурт «Земляне» часова злучыўся з гуртом «Сектор газа», каб запісаць такое. Ратуе сытуацыю лірычная «Будь со мной» і, можа, яшчэ драйвовы нумар «Мы устроим Sex».

Вобраз, выпрацаваны гуртом у сеціве з дапамогай карцінак, кліпаў ды відэазамалёвак, на альбоме не працуе як сьлед, таму Sex у запісе ўспрымаецца як ня больш чым пасрэдны панк-рок гурт. Ужывую яны выглядаюць нашмат лепей, а ў сваіх роліках — наогул выдатна.

SexB.D.S.M.: Bielaruskaja Dziaržaŭnaja Seks Mašyna, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

Тэгi:
Sex