BY YOU
5654 / 0
26.09.2013

Як пясок скрозь пальцы

У першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» гурт Naka прадстаўляе кліп, зроблены на песьню «BY YOU». Відэа, якое складаеццца з сотняў малюнкаў, стваралася цягам году.

«BY YOU» — добравядомы трэк гурта, зь якім музыкі дэбютавалі ў чарце на «Тузіне Гітоў» у 2008 годзе. На той час гэта была іх першая кампазыцыя на беларускай мове. Сама сьпявачка Наста Шпакоўская назвала тады гэтую песьню «чарнобыльскай калыханкай». Ад таго часу музыкі хацелі зрабіць відэаролік на «BY YOU» і доўгі час шукалі рэжысэра, які б узяўся за складаны матэрыял. Урэшце такі чалавек знайшоўся. Рэжысэрам і адначасова мастаком відэа стала маладая дызайнерка Наста Шастак. Яна прапанавала гурту зрабіць ролік у камбінаванай анімацыйнай тэхніцы, якая спалучае моманты перакладкі, маляванай анімацыі і пяскаграфіі. Яе творчы падыход да справы спадабаўся музыкам.

Відэа, якое складаецца з сотняў малюнкаў, стваралася цягам году. Наста Шастак працавала ў творчым тандэме з сваім мужам, аніматарам Даніілам Жугждам.

«Ахапіць такую колькасьць задачаў, замяняючы сабою цэлую творчую групу людзей, было няпроста, — дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад працы дызайнэрка. — Тым няменш, я атрымала задавальненьне ад кожнага этапу стварэньня міні-фільму». Яна мяркуе, што ў роліку добра спалучыліся ўсе элемэнты: тэкст, музыка, сюжэт і тэхніка, у якой выкананы кліп.

«Пяскаграфія тут не даніна моднай тэхніцы, а належная форма для ўвасабленьня ідэі, — падтрымлівае рэжысэра кліпу, вакалістка гурта Наста Шпакоўская. — „BY YOU“ — гэта апошняя калыханка, якую маці сьпявае свайму дзіцяці. „BY YOU“ — гэта ўсе мацярынскія пачуцьці ў адрас родных — сына, брата, бацькі, блізкіх людей, якія сышлі ў небыцьцё. Гэта спроба штосьці зьмяніць, якая, на жаль, скончыцца нічым. Гэта надзея, што як пясок уцякае скрозь пальцы».

Naka - BY YOU (рэжысэр – Наста Шастак). Зьмяшчаецца са згоды аўтараў.

SB, «Тузін Гітоў», фота - Budzma.org

ф