Дунаю
6431 / 0
10.12.2015

Znich зьняў кліп пра сучаснасьць, вайну і жыцьцё (відэа)

Гурт Алеся Таболіча зрабіў відэаўвасабленьне песьні «Дунаю» пад кіраўніцтвам рэжысэра Івана Шапо. Акром музыкаў у кліпе зьняўся Таболіч-старэйшы і ваяры з розных краінаў сьвету.

«Мы зьмянілі стэрэатып музычнага падыходу да гэтай песьні», — заяўляе з нагоды прэм’еры Алесь Таболіч. Кліп зьняты на апрацоўку народнага твору «Дунаю», які зьяўляецца этапным у гісторыі каманды, бо запісаны цалкам абноўленым складам. У відэа рэжысэра Івана Шапо зьняліся музыкі гурта Руслан Ільін, Аляксандар Філіпенка, Сяргей Абрамаў, Марына Макарэвіч ды Кастусь Трамбіцкі (яго вакал тут, дарэчы, асноўны) уключна з Алесем Таболічам, вядома. У здымках быў таксама задзейнічаны бацька лідэра «Зьніча» Рыгор Таболіч. «Наша задума была якраз у тым, каб паказаць размову Бацькі і Сына пра сучаснасьць і мінуўшчыну, пра вайну і жыцьцё. А наогул мы хацелі паказаць ваярскі дух», — заявіў парталу Tuzin.fm Алесь Таболіч і дадаў, што ён аддае сабе справаздачу ў тым, што гэтая праца можа быць успрынята неадназначна. «Але дакладна, што не пакіне абыякавым», — выказаў упэўненасьць музыка.

Дарэчы, менавіта з гэтай песьняй Znich заявіўся сёлета ў нацыянальны адбор на «Эўравізію». Але ў фінал ня трапіў.

Znich — Дунаю (рэжысэр Іван Шапо). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm