Станцыя
4959 / 0
26.09.2013

Арлоў і Бурдаеў у ролі «нябесных лялькаводаў»

Праект Рамана Арлова прадстаўляе ў першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» кліп на песьню «Станцыя», запісаны дуэтам з вакалістам расейскага гурта «Братья Грим» Косьцем Бурдаевым.

Кліп на песьню «Станцыя» быў зьняты намаганьнямі рэжысэра Дзьмітрыя Вайтэнкі і мастачкі-пастаноўшчыцы Ганны Коўшар у лістападзе 2012 году на кінастудыі дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя Горкага ў Маскве. Паводле рэжысэрскай задумы, героі кліпа Раман Арлоў і Косьця Бурдаеў пераўвасобіліся ў «нябесных лялькаводаў», якія маюць магчымасьць кіраваць марыянетачным зямным жыцьцём. Аўтары кліпу патлумачылі, што такім чынам яны хацелі нагадаць пра тое, што ў пагоні за матэрыяльнымі дабротамі, славай ды забаўкамі вельмі важна ня страціць сапраўдны шлях. Умоўная «Станцыя У нескладовае» сымбалізуе якраз тое месца, дзе можна прыпыніцца, каб пераасэнсаваць жыцьцёвыя каштоўнасьці ды прыярытэты.

Саму песьню «Станцыя» музыкі прадставілі ў супэртуры на «Тузіне Гітоў» на пачатку сэзону 2011-2012. Яна ўвайшла ў сынгл праекту Рамана Арлова, да якога часова далучыўся вакаліст расейскай каманды «Братья Грим». Косьця па-беларуску сьпяваў упершыню і назваў моўны экспэрымэнт карысным для сябе, бо «лепей разумеючы іншыя славянскія мовы, больш дасканала спазнаеш сваю».

У нескладовае і «Братья Грим» – Станцыя (рэжысэр – Дзьмітры Вайтэнка). Зьмяшчаецца са згоды аўтараў. 

Tuzin.fm