Мядзьведзіца
5744 / 0
11.09.2014

ili-ili feat. Наста Шпакоўская: «Разьвітацца трэба так, каб не пакідаць надзеяў» (відэа)

Гурт ili-ili разам з Настай Шпакоўскай прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm свой новы кліп на песьню «Мядзьведзіца».

ili-ili даволі актыўна здымае кліпы. «Мядзьведзіца» — ужо трэцяя беларускамоўная песьня, якая мае відэаўвасабленьне. Запісалі трэк і зьнялі відэа музыкі разам з запрошанай вакалісткай — Настай Шпакоўскай з гурта Naka. Ідэя супрацы зьявілася на адным з канцэртаў «Жывы Тузін», калі музыкі ўпершыню паказалі сваю беларускамоўную праграму «list». Песьню запісалі, але відэа на яе здымаць не плянавалі ажно пакуль да таго моманту, калі не прыйшла прыемная навіна — музыкі перамаглі з гэтай песьняй у конкурсе, што праводзіла кампанія «Кинокомната». У якасьці прызу прапаноўваліся здымкі музычнага відэа.

Рэжысэрам роліку сталі Іван Масьлюкоў і Сяргей Лебедзеў, а ў якасьці галоўных герояў выступілі вакаліст ili-ili Павал Яскевіч і Наста Шпакоўская. Здымалі ў Купалаўскім тэатры, дзе працуюць усе тры вакалісты гурта, а асноўнай здымачнай пляцоўкай стаў загарадны комплекс «Шышкі».

«Атрымалася тое, што мы хацелі і нездарма, бо працавалі над гэтым кліпам каля сямі месяцаў якраз з той мэтаю, каб дакладна рэалізаваць задуму», — кажуць музыкі. Яны зьбіраюцца трохі перадыхнуць ды брацца за здымкі новага відэа.

ili-ili — Мядзьведзіца (рэжысэры Іван Масьлюкоў і Сяргей Лебедзеў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm