Вецер
2342 / 0
08.02.2019

Люты, холад, адзінота. Першы беларускамоўны кліп «Пані Хіды» (прэм’ера)

Гурт з Воршы «Пані Хіда» прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песьню «Вецер» рэжысэра Аляксандра Далігея, тэкст да якой напісаў Барыс Штэрн, а на беларускую пераклаў Віталь Рыжкоў.

Песьня «Вецер» знакавая ў 28-гадовай гісторыі «Пані Хіды» хаця б з той прычыны, што гэта іх першы беларускамоўны аўтарскі трэк. Песьня была запісаная на прапанову TuzinFM у 2013 годзе. Арыгінальны тэкст аўтарства Барыса Штэрна на беларускую мову пераклаў Віталь Рыжкоў.

«Мы вырашылі зьняць на гэтую песьню кліп, бо надта ўдала яна атрымалася, з адпаведным настроем. Яго ўласна мы і хацелі перадаць, таму сталі думаць пра візуалізацыю. Хацелася паказаць холад, люты і адзіноту», — кажа вакаліст каманды Есаул Панкратаў.

Пра абставіны здымкаў распавядае гітарыст Леанід Турок. «Мы вынесьлі мэблю з пакою, прымацавалі да сьценаў празрыстую стужку, на яе наляпілі каляровыя стыкеры. Уключылі ўсё, што можа ганяць паветра: вэнтылятары, кампрэсар ды стары пыласос — „Вецер“ усё ж такі». Рэжысэрам і апэратарам быў Аляксандар Далігей. Відэа зьнялі і… паклалі на паліцу амаль на пяць гадоў.

Вярнуліся музыкі да гэтай працы пасьля знаёмства з апэратаркаю і фатографкаю Аляксандрай Хед, якая выказала жаданьне дарабіць пачатае і стала рэжысэрам мантажу.

Пані Хіда — Вецер (рэжысэр — Аляксандар Далігей)

TuzinFM