Маё каханьне
6731 / 2
12.08.2015

Лявон Вольскі: «Я існую ў крытэрах мастацтва, а ня шоў-бізнэсу» (відэа)

Самая кранальная баляда Вольскага апошніх гадоў «Маё каханьне» атрымала сваё відэаўвасабленьне.

Гэтую песьню ўпершыню на публіку Вольскі сыграў падчас канцэрту ў Нью-Ёрку 28 сакавіка 2012 году. Тады яна была прадстаўленая як «100 гадоў самоты». Аўтар прадстаўляе свой твор, як дэпрэсіўны і ў той жа час аптымістычны. На яе стварэньне музыка натхніўся «сытуацыяй у краіне», тым і тлумачыцца супярэчлівасьць пачуцьцяў. У студыі Лявон разам з сваімі музыкамі запісваў яе некалькі разоў, шукаючы адпаведны гук — першая вэрсія была забракаваная, а той вынік, які задаволіў музыку, можна пачуць у альбоме «Грамадазнаўства». Як і сам запіс песьні, кліп быў зроблены ў суседняй Літве. Зьняла яго рэжысэрка Марыя Мяшкавайце, яна працавала ўжо з Вольскім, калі рабіла відэавэрсію яго віленскага канцэрту ў 2014 годзе.

«Менавіта Марыя абрала гэтую песьню. Ёй вельмі падабаецца „Маё каханьне“ і яна захацела зьняць на яе кліп. Нам заставалася толькі ўхваліць ейны выбар», — распавядае Лявон Вольскі. Кліп зьнялі ў Нідзе — на беразе мора, а таксама ў лесе, што пацярпеў ад пажару. Ролі ў ім сыгралі літоўскія акторы Сімонас Шарскус ды Індрэ Павілоніце. Сам Лявон на здымках не прысутнічаў і паглядзеў ролік, калі ён быў фактычна гатовы. «Я думаю, у Марыі атрымалася цікава і ні да чаго не падобна, без гэтых нашых вечных кліпавых штампаў і стэрэатыпаў. Зрэшты, меркаваньняў шмат, і я не прэтэндую на апошнюю інстанцыю», — кажа выканаўца.

На беларускіх дзяржаўных тэлеканалах кліп на «Маё каханьне» быў праігнараваны. Але Лявон пэўны, што кліпы здымаць варта ў незалежнасьці ад таго, ці трапіць ён у ратацыю на тэлевізію. «На мой погляд, гэта мастацтва. Як і напісаньне музыкі, і складаньне тэкстаў. А я існую ў крытэрах менавіта мастацтва, а ня шоў-бізнэсу. З кліпамі не заўсёды прадкажаш вынік у гэтым сэнсе працэс блізкі да кіно. Чытаў сцэнар, раскадроўку бачыў, але вынік заўжды зьдзіўляе ў добрым ці кепскім сэнсе». Так што, заўпэўнівае Вольскі, ён мае намер і надалей здымаць кліпы на свае песьні.

Лявон Вольскі — Маё каханьне (рэжысэр Марыя Мяшкавайце). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Alexander Shabun
    Alexander Shabun / адказаць
    17.08.2015 / 22:29

    Файова

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    14.10.2015 / 02:53

    Кліп падчас прагляду прабуджае жаданне даглядзець яго да канца. Але сказаць, што ён чымсці адметны не магу.

  • КАМЕНТАВАЦЬ