Шпакоўская, Бень і Хітрык. На трох мовах, як на адной (відэа)
Антываенная песьня «Про любовь/Про любов/Пра любоў», якую на трох мовах запісалі лідэры гуртоў Naka, «Серебряная свадьба» і Sounduk, атрымала відэаўвасабленьне. У відэачарце на Tuzin.fm бярэ ўдзел кліп рэжысэра Арцёма Лобача.
Трэк «Про любовь/Про любов/Пра любоў» пабачыў сьвет сёлета ў чэрвені. Кампазыцыю на трох мовах — беларускай, украінскай і расейскай — запісаў гурт Naka разам зь Сьвятланай Бень і Ганнай Хітрык. Словы і музыка належаць Насьце Шпакоўскай.
Прэм’ера відэавэрсіі песьні пра вайну побач і вайну ўнутры адбылася 13 кастрычніка адразу ў трох краінах — у Беларусі на партале Tut.by і тэлеканале ОНТ, ва Ўкраіне на тэлеканале A-One ды ў Расеі на тэлеканале «Дождь». Над кліпам працавалі рэжысэр Арцём Лобач, апэратар Аляксандр Алейнікаў і мастак Наста Шастак.
«Мы доўга працавалі, каб песьня гучала на трох мовах, як на адной. Каб слухачоў і выканаўцаў аб’ядноўвала выключна думка, якая была б зразумелая для ўсіх, незалежна ад ступені валоданьня адной з моваў, — кажа Наста Шпакоўская, — Асабліва актуальна гэта цяпер, калі шмат хто кінуўся „дзяліць“ Нобэлеўскую ляўрэатку, грамадзянку Беларусі, якая нарадзілася ва Ўкраіне і шмат піша па-расейску. Любая вайна пачынаецца ў галовах і яе прафіляктыка мусіць пачынацца там жа».
Naka — Про любовь/Про любов/Пра любоў (рэжысэр Арцём Лобач). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ