Evthanazia: «Усім сьветам кіруе Вера і Воля» (відэапрэм’ера)
Найстарэйшы дэз-мэтал гурт Беларусі зьняў кліп на песьню «Вера, Воля…» па матывах кінафраншызы «Звар’яцелы Макс».
«Менавіта Вера і Воля калісьці дапамаглі нам выжыць, таму і зьявіўся тэкст гэтай песьні пра тое, што ўсім сьветам кіруе Вера і Воля. Таму і вырашылі здымаць на яе кліп», — кажа вакаліст гурта Evthanazia Віталь Баброўніч. Рэчыцкая каманда сапраўды перажыла за 23 гады існаваньня ўсё, што толькі можна — некалькі разоў гурт зьмяняў склад і прыпыняў дзейнасьць, але знаходзіў сілы, каб вярнуцца на сцэну. Песьня этапная для каманды яшчэ і тым, што выйшла экспэрымэнтальнай з гучаньня. Музыкі тут скіравалі асноўную ўвагу на мэлядычнасьць і працу з клявішнымі.
Відэа вырашылі зьняць у антуражы дызэль-панку і пост-апакаліпсісу. «Акурат выйшаў «Звар’яцелы Макс». І хоць мы не былі прыхільнікамі гэтага фільму, пасьля яго прагляду сумневаў не засталося — трэба здымаць менавіта так», — кажа Віталь. Над відэа працавала студыя RealFilm, рэжысэр Мікалай Макарэвіч і тэатральныя акторы. Касьцюмы і дэкарацыі распрацаваў мастак Вадзім Стральчэня пры падтрымцы клюбу гістарычнай рэканструкцыі «Тэра». Пастаноўкай трукаў займаўся кіраўнік рэчыцкага клюбу спэцпадрыхтоўкі «Скіф» Уладзімер Габрусь, пад яго кіраўніцтвам працавалі каскадзёры і распрацоўваліся спэцэфэкты. А ў якасьці транспарту пост-апакаліптычных ворагаў галоўнага героя выкарыстоўваліся аўтамабілі клюбу ўладальнікаў пазадарожнікаў «Off Roud 4×4».
Над вiдэа працавалі цягам трох месяцаў, здымалi ў тры этапы: першы — на аўтаразборцы ў 30-градусную сьпёку, другі — сярод iншаплянэтных пэйзажаў паблізу ад рэчыцкай гарадзкой звалкі, з пагонямі, выбухамі і іншымі атрыбутамі эры пост-апакаліпсісу, трэці — у закінутых будынках у холад і дождж.
«За аснову сюжэту была ўзятая гісторыя, у якой галоўны герой трапляе ў палон да банды галаварэзаў. Здаецца, што выйсьця няма, але абставіны складаюцца так, што ён застаецца жывы і зьнішчае ўсіх злодзеяў, таму што змагаецца за сваё жыцьцё да канца і верыць у непазьбежную перамогу», — распавядаюць музыкі.
Кампазыцыя «Вера, Воля…» — першы крок да новага альбому, які гурт плянуе выдаць у канцы 2016 году. Цікавасьць да рэлізу мяркуецца падтрымаць 2—3 самотнікамі ды яшчэ адным кліпам. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя суполкі УК/FB.
Evthanazia — Вера, Воля… (рэжысэр Мікалай Макарэвіч). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
фактурно и прикольно - оживить монтаж и камеру станет супер
КАМЕНТАВАЦЬ