Між молата і кавадла. Піт пераўвасобіўся ў ракаўскага кантрабандыста
У зімовым туры відэачарту на TuzinFM Піт Паўлаў прэзэнтуе кліп на песьню «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы», зьнятага пад уражаньнем ад аднайменнага раману намінанта на Нобэля Сяргея Пясэцкага.
Дзея кліпу на песьню «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» адбываецца на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава ў 1930-я гады. Тады Беларусь была падзеленая папалам між капіталістычнай Польшчай і сацыялістычным Савецкім Саюзам і мяжа праходзіла за 48 кілямэтраў ад Менску. Таму ў ваколіцах Ракава квітнела кантрабанда. Сярод тых, хто нелегальна пераходзіў мяжу дзеля нажывы, быў і Сяргей Пясэцкі. Яго асудзілі на 15 гадоў турмы, у зьняволеньні ракаўскі кантрабандыст напісаў раман «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы», які прынёс яму сусьветную славу і паспрыяў хутчэйшаму вызваленьню. Пясэцкі стаў прызнаным пісьменьнікам і нават намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Ягоная асоба і творчасьць натхнілі музыку Піта Паўлава на здымкі кліпу і стварэньне цэлага альбому пад назваю «Зброя. Золата. Кабеты», у якім пяецца пра каханьне, свабоду і неабходнасьць пераадоленьня жыцьцёвых цяжкасьцяў.
Рэжысэрам кліпу стаў сын Піта Паўлава, Ян-Вінцэнт Луцэвіч, ён жа сыграў аднаго з польскіх памежнікаў. Рэжысэрам-пастаноўшчыкам працавала Зоя Катовіч-Туніс, апэратарам — Аляксандар Мароз. Ролі выконвалі: Піт Паўлаў, Фёдар Міхееў, Андрэй Ліцкевіч, Уладзімер Пабягайла і пёс Дрым, які на самой справе падчас здымак зусім не пацярпеў.
Піт Паўлаў — Каханак Вялікай Мядзьведзіцы (рэжысэр — Ян-Вінцэнт Луцэвіч)
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ